У МУС Беларусі заявілі пра затрыманне двух адвакатаў
У МУС Беларусі заявілі пра затрыманне двух адвакатаў. На відэа паказалі Міхаіла Макарава і Анастасію Сагановіч. Намеснік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч сказаў, што іх падазраюць у зліве даных пра сілавікоў.
Пра затрыманне ў Мінску групы адвакатаў праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі раніцай у аўторак. Яны працавалі па "справе дзесяці палітвязняў" — актывістаў анархісцкага руху, якім нядаўна суд агулам прысудзіў 94 гады зняволення. Адвакатам закідалі "разгалошванне даных следства".
Па версіі МУС, "падчас аператыўных мерапрыемстваў супрацоўнікі ГУБАЗіК высветлілі тых, хто незаконна распаўсюджваў закрытую інфармацыю, у тым ліку персанальныя даныя". Сцвярджаецца, што гэта прозвішчы, хатнія адрасы і іншае, узятыя з матэрыялаў справы, і пасля нібыта перададзеныя "экстрэмісцкім ініцыятывам", апублікаваныя ў інтэрнэце.
Таксама ў МУС заявілі, што затрыманыя адвакаты датычныя да пратэстаў жніўня 2020-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.