У некалькіх раёнах Мінскай вобласці людзі масава рэжуць свіней

Як паведамляе партал tut.by, людзі баяцца, што "ўва ўсіх усё забяруць, таму даходзіць да вар'яцтва". Дэфіцытам сталі маразільнікі. У крамах Капыля, Нясвіжа і Клецка іх няма. Паніка і ў Лагойскім раёне, дзе людзі збіраюцца рэзаць свіней. У Валожынскім раёне да 8 ліпеня павінны быць знішчаныя ўсе свінні.

Нагадаем, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на мінулым тыдні паведаміў, што ўспышка захворвання афрыканскай чумы свіней адбылася 21 чэрвеня на тэрыторыі вёскі Чапунь Іўеўскага раёна. На 25 чэрвеня яе ўжо лакалізавалі. Працягвалася акцыя па недапушчэнні распаўсюду захворвання ў Карэліцкім, Навагрудскім, Стаўбцоўскім і Валожынскім раёнах. Там у людзей забіралі свіней.

Аднак неўзабаве з'явіліся звесткі пра знішчэнне свіней у адной з вёсак Баранавіцкага раёна. У пятніцу стала вядома пра вёску Лапушна Дзятлаўскага раёна (ён, дарэчы, не мяжуе з Іўеўскім раёнам), дзе захварэлі свінні. Як паведамляе tut.by, аналізы пацвердзілі, што гэта была афрыканская чума свіней.

У панядзелак, 1 ліпеня, стала вядома пра прыныненне "экспарту свініны" з Віцебскай вобласці. Пра гэта паведамляе дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі. Прычына — на адной са свінафермаў захварэлі свінні, але дыягназ яшчэ не пацверджаны.

Паводле слоў Леаніда Зайца, Беларусь упершыню сутыкнулася з праблемай афрыканскай чумы свіней, таму актыўна выкарыстоўваецца досвед іншых еўрапейскіх краін. У нашай краіне створаны рэспубліканскі штаб на чале з віцэ-прэм'ерам Міхаілам Русым, які "аператыўна рэагуе на сітуацыю і прымае неабходныя рашэнні".

Афрыканская чума свіней — віруснае захворванне хатніх і дзікіх свіней. Яно перадаецца пры прамым кантакце здаровых і хворых жывёл, праз прадукты з свініны, кляшчамі і механічна (транспартнымі сродкамі, пры перамяшчэнні жывёл). Вакцыны няма. Амаль усе пагалоўе хворых свіней гіне. Жывёлы з падазроным захворваннем знішчаюцца. Для чалавека афрыканская чума свіней бяспечная. 

Фота — bymedia.net


 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі