У Саудаўскай Аравіі пакаралі журналіста: перахваліў караля
Калумніста адной з газет Саудаўскай Аравіі часова адхілілі ад працы, бо ён перахваліў караля краіны Салмана Сауда. Журналіст выкарыстаў такія эпітэты, якімі трэба называць толькі Алаха, таму аўтара пакаралі на просьбу самога караля.
У газеце “Аль-Джазіра” (не мае дачынення да вядомага арабскага медыяхолдынгу) з’явілася публікацыя, аўтар якой выкарыстаў эпітэты “аль-халім” (“рахманы”) і “шадыд аль-ікаб” (“суворы ў пакаранні”).
Эпітэт “аль-халім” у ісламе лічыцца адным з 99 імёнаў Алаха, “шадыд аль-ікаб” традыцыйна лічыцца эпітэтам, які апісвае бога. Таму ў ісламскай этыцы вельмі непажадана называць такімі словамі людзей.
Апроч адхілення ад працы журналіста, газета надрукавала прабачэнні, паведамляе ВВС.