У Швейцарыі дзясяткі тысяч еўра спусцілі ва ўнітаз
У Жэневе дзясяткі тысяч еўра былі спушчаныя ва ўнітаз. Швейцарскія пракуроры пачалі расследаванне справы, перадае Бі-Бі-Сі.
Купюры па 500 еўра знайшлі ў прыбіральнях аддзялення банка UBS ў Жэневе і трох бліжэйшых рэстаранаў. Многія з іх былі парэзаныя нажніцамі на часткі. Як адзначаецца ў СМІ, банкноты былі выяўленыя некалькі месяцаў таму, аднак вядома пра гэта стала толькі цяпер.
На чыстку каналізацыйных труб пасля здарэння было выдаткавана некалькі тысяч швейцарскіх франкаў.
Улады Еўрасаюза плануюць у 2018 годзе цалкам вывесці з абарачэння 500-еўравыя банкноты, бо іх выкарыстоўваюць у незаконных аперацыях.
У Швейцарыі знішчэнне і пашкоджанне грашовых знакаў не з'яўляецца злачынствам. Тым не менш пракуратура заявіла, што правядзе расследаванне абставінаў, якія папярэднічалі гэтай знаходцы.
Прадстаўнік пракуратуры Жэневы Вінсэн Дэруан дадаў, што праваахоўнікі правераць магчымы крымінальны след знойдзеных грошай.