У СМІ з'явіліся ўрыўкі з ліста Лукашэнкі ў МАК наконт фрыстайліста Кушніра

У СМІ з'явіліся ўрыўкі з ліста Лукашэнкі ў МАК наконт фрыстайліста Кушніра

У СМІ з'явіліся ўрыўкі з ліста Аляксандра Лукашэнкі, які ён накіраваў на адрас прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха. Ліст датычыць справы фрыстайліста Антона Кушніра, які не выйшаў у фінал спаборніцтваў на Алімпіядзе-2018 ў Пхёнчхане. 

Як паведамлялася раней, Лукашэнка выказаў абурэнне, бо на яго думку Кушніра "засудзілі", каб пазбыцца моцнага канкурэнта. Выступаючы перад журналістамі 18 лютага пасля галасавання на мясцовых выбарах, кіраўнік дзяржавы заявіў, што ўначы "па трывозе" падняў Міністэрства замежных спраў, каб вырашаць гэтае пытанне. 

Урыўкі ліста беларускага кіраўніка, які адначасова з'яўляецца прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, абнародаваў тэлеканал "Беларусь 1".

"Мы не раз станавіліся сведкамі судзейскіх прыхопаў, на гэта пакутуюць многія суб'ектыўныя віды спорту, але каб так адкрыта, на Алімпіядзе, алімпійскага чэмпіёна, прадстаўніка адной з наймацнейшых у фрыстайле краін — гэта, вядома, не робіць гонару, мякка кажучы, ні міжнароднай федэрацыі, ні МАК і, скажам так, дае падставу задумацца над тым, якім чынам вырашаюцца справы ў алімпійскім руху. Функцыянеры ад спорту сталі проста недатыкальнымі, іх меркаванне канчатковае і абскарджанню не падлягае, толькі вось як цяпер быць Антону, які 4 гады біўся аб гэтыя схілы дзеля таго, каб яшчэ раз паспрабаваць ўзысці на п'едэстал Алімпіяды", — гаворыцца ў пасланні Лукашэнкі.

Ён таксама просіць Томаса Баха як прафесіянала і гаранта захавання міжнародна прызнаных прынцыпаў алімпізму аператыўна прыняць усе меры і забяспечыць аб'ектыўнае і кампетэнтнае даследаванне выступу Антона Кушніра ў духу вышэйшай спартовай справядлівасці фэйр-плэй.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі