У загарадным доме Ксеніі Сабчак прайшоў ператрус
Ксенія Сабчак / kremlin.ru
У загарадным доме Ксеніі Сабчак у Падмаскоўі прайшоў ператрус. Нагодай зрабілася крымінальная справа, якую завялі супраць камерцыйнага дырэктара журналісткі Кірыла Суханава. Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах.
"У самой Сабчак ніякага працэсуальнага статусу няма", — сказала крыніца.
Суханава затрымалі напярэдадні паводле падазрэння ў вымагальніцтве. "Гэта проста трызненне, смех, нонсэнс. Кірыл — бізнэсовец і наш рэкламшчык, я і ўся мая рэдакцыя расцэньваем гэта як чарговы ціск на журналістыку ў краіне", — напісала ўчора ўвечары Сабчак. Паводле яе слоў, да яе рэдакцыі "няма за што дачапіцца, і гэта іх раздражняе", яе журналістаў пастаянна затрымліваюць.
З пачатку вайны Ксенія Сабчак вельмі скептычна паставілася да рашэння расійскіх уладаў пачаць вайну. Прапагандысцкія паблікі перыядычна сцвярджалі, што яна пакінула Расію. Маці Сабчак Людміла Нарусава таксама спрабавала агучваць нязручныя пытанні ў Савеце Федэрацый. Напрыклад, у сакавіку яна пыталася, як у зоне баявых дзеянняў апынуліся салдаты тэрміновай службы, якіх прымусілі падпісаць кантракты, а потым “з роты ў сто чалавек у жывых засталося чацвёра".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.