Упраўленне КДБ не вярнула канфіскаванае ў Жукоўскага
Упраўленне КДБ прапаноўвае гомельскаму апазіцыянеру Канстанціну Жукоўскаму абскардзіць дзеянні спецслужб у пракуратуры.
Пра гэта гаворыцца ў адказе, які 4 сакавіка атрымаў Жукоўскі з УКДБ на свой зварот з патрабаваннем вярнуць рэчы, канфіскаваныя падчас вобыску.
10 лютага актывіст накіраваў ва УКДБ скаргу на дзеянні супрацоўнікаў упраўлення, якія пры вобыску канфіскавалі ў яго запісныя кніжкі, музычныя запісы, відэазапісы сямейных урачыстасцяў, здымкі дачкі ў дзіцячым садку і на адпачынку.
"Гэта рэчы, якія не маюць ніякіх адносінаў да падзей 19 снежня. Таксама мяне пазбавілі дакументальных матэрыялаў, якія я збіраў, — успаміны людзей аб масавых рэпрэсіях у 30-я гады", — звяртаў увагу кіраўніцтва ўпраўлення Жукоўскі.
Як паведаміў БелаПАН актывіст, у адказе з УКДБ гаворыцца, што заява разгледжана, рашэнне аб вяртанні рэчаў будзе прынятае падчас расследавання крымінальнай справы. "Неправамерныя, на ваш погляд, дзеянні супрацоўнікаў УКДБ пры правядзенні вобыску вы маеце права абскардзіць у органы пракуратуры. Праверка па заяве спынена", — працытаваў адказ актывіст.
"Скаргу я ўжо адправіў, яшчэ 10 лютага, і ў Генеральную пракуратуру, але адказу не атрымаў", — пракаментаваў Жукоўскі.