Уварванне Расіі ва Украіну: ваеннае становішча, санкцыі, спакойныя кіяўляне
Зяленскі праводзіць тэрміновую нараду / president.gov.ua
Гэты чацвер пачаўся для ўсяго свету з абвяшчэння Уладзімірам Пуціным ваеннай аперацыі ва Украіне. Але "ваеннай аперацыяй" яе называе Расія.
Украіна кажа прасцей: гэта вайна. І абараняецца.
Ніхто не разбягаецца
А 7-й раніцы ў Кіеве завылі сірэны паветранай трывогі. Карэспандэнт Еўрарадыё расказвае, што, калі б не было гэтай сірэны, магло б здацца, што горад жыве ранейшым мірным жыццём. Прыкладна пра гэта і папрасіў кіяўлян мэр горада Віталь Клічко: захоўвайце спакой.
Гэтай раніцай бацькі школьнікаў атрымалі паведамленні: у класы ісці не трэба. Але заняткі не адмянілі — яны працягнуцца анлайн.
На ўсёй тэрыторыі краіны абвешчана ваеннае становішча. Украінцаў просяць заставацца дома і цяпер ужо дакладна ведаць, дзе знаходзіцца найбліжэйшае сховішча.
Ніхто не разбягаецца
"Пуцін напаў, але ніхто не разбягаецца. Войска, дыпламаты, усе працуюць", — напісаў кіраўнік украінскага МЗС Зміцер Кулеба ў сваім твітар-акаўнце.
Ён звярнуўся з заклікам да ўкраінцаў ва ўсім свеце з просьбай заклікаць урады сваіх краін да адказу на расійскую агрэсію.
До українських громад в усьому світі:
— Dmytro Kuleba (@DmytroKuleba) February 24, 2022
Путін напав, але ніхто не розбігається. Армія, дипломати, всі працюють. Україна б’ється. Україна захистить себе. Україна переможе.
Розповсюджуйте правду про вторгнення Путіна в своїх країнах і закликайте уряди до негайних дій.
Украінскае МЗС звярнулася да Еўропы і свету з просьбай дзейнічаць неадкладна і распачаць пяць тэрміновых крокаў. Сярод іх тэрміновыя санкцыі супраць РФ, у тым ліку адключэнне ад SWIFT, поўная ізаляцыя Расіі, дапамога Украіне — ад фінансавай і гуманітарнай да ўзбраення.
Старшыня Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен анансавала санкцыі ў дачыненні да Расіі. Яны закрануць стратэгічныя сектары расійскай эканомікі.
"Мы замарозім расійскія актывы ў ЕС і закрыем доступ расійскіх банкаў да нашага фінансавага рынку. Гэта павінна сур'ёзна падарваць здольнасць Крамля фінансаваць вайну", — напісана ў яе афіцыйным тэлеграм-канале.
У цэлым жа пра рэакцыю сусветных лідараў пакуль можна сказаць так: усе ў шоку. Прэм'ер Брытаніі Борыс Джонсан запэўніў Зяленскага, што яго краіна не будзе стаяць убаку. Амерыканскі лідар Джо Байдэн сказаў украінскаму прэзідэнту, што ўжо пачаў будаваць "міжнародную падтрымку".
А генеральны сакратар ААН папрасіў Пуціна не развязваць найгоршую вайну з пачатку стагоддзя.
"Ён хоча знішчыць маю краіну"
Учора ноччу Уладзімір Зяленскі выступаў са зваротам да ўкраінцаў і расіян. На дзвюх мовах ён гаварыў пра мір — і гэта была, бадай, самая пацыфісцкая прамова, якую мы чулі на гэтым тыдні. З яе мы даведаліся, што напярэдадні вайны, або, як кажа Пуцін, "ваеннай аперацыі", украінскі прэзідэнт тэлефанаваў у Крэмль. Але яму не адказалі.
Праз некалькі гадзін Пуцін у сваім звароце заклікаў украінскіх вайскоўцаў "скласці зброю" і "ісці дадому". Бо, па яго словах, гэта не вайна, а "ваенная аперацыя", мэта якой — абарона людзей.
У прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага няма часу на падрыхтоўку доўгіх зваротаў. Сёння ён выходзіць на сувязь з украінцамі кожную гадзіну. Пуцін запэўнівае, што ідзе абараняць мільёны ўкраінцаў, якія пацярпелі ад украінскіх нацыстаў, а Зяленскі кажа інакш:
— Ён хоча знішчыць маю краіну.
Ваенныя дзеянні
Генеральны сакратар ААН звярнуўся да Расіі і заклікаў не дазволіць развязаць найгоршую вайну з пачатку стагоддзя. Найгоршая або не — вайна ўжо ідзе.
Украіна і Расія ў апошнія гадзіны раз за разам абвяргаюць заявы адна адной.
Міністэрства абароны Украіны заявіла, што ўкраінскія вайскоўцы годна адбіваюць расійскі наступ і наносяць страты расійскім войскам. У ведамстве таксама заявілі, што "страт сярод абаронцаў Украіны няма".
Крыху раней Мінабароны Расіі заявіла, што яно нейтралізавала ўкраінскую сістэму СПА. Пацвердзіць ніводную з гэтых заяў пакуль не ўяўляецца магчымым.
Украіна заяўляе, што расійскія вайсковыя машыны заязджалі ў краіну ў некалькіх месцах, у тым ліку праз Беларусь і Крым. Таксама былі прарывы ў раёне Харкава і Луганска. Паводле звестак памежнай службы Украіны, Расія адкрыла артылерыйскі агонь перад тым, як пераправіць вайсковую тэхніку.
Беларусь адкрыла мяжу вайне
Прыкладна а пятай раніцы Пуцін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку.
Сёння ў Беларусі павінна была адбыцца "Вялікая размова" з журналістамі дзяржаўных СМІ. Але, здаецца, сёння Лукашэнку будзе не да журналістаў. Ён збірае аператыўную нараду з вайскоўцамі.
А пакуль вайскоўцы збіраюцца, расійская вайсковая тэхніка ўязджае на тэрыторыю Украіны праз памежны пераход "Сянькоўка — Весялоўка" на беларуска-ўкраінскай мяжы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.