Ва Уруччы пад Мінскам загінуў 29-гадовы афіцэр з Оршы
30 чэрвеня загінуў афіцэр вайсковай часці 28212. Яна належыць да 120-й асобнай механізаванай брыгады, што базуецца ва Уруччы пад Мінскам. Як піша TUT.BY са спасылкай на ўласную крыніцу, 29-гадовы капітан упаў на тэрыторыі парку тэхнікі і атрымаў траўму галавы. Аднак замест медыцынскай установы яго прывезлі па месцы пражывання — у інтэрнат. Там ён памёр.
Здарэнне ў вайсковай часці адбылося напярэдадні, 29 чэрвеня. Вайскоўца звалі Аляксей Мензурэнка. Яму было 29 гадоў, ён родам з Оршы. Дома ў яго застаўся 7-гадовы сын.
У Міністэрстве абароны пацвердзілі факт смерці афіцэра, але дэталяў паведамляць не сталі.
“30 чэрвеня, знаходзячыся дома, у інтэрнаце, памёр афіцэр. Прычыны смерці высвятляюцца кампетэнтнымі органамі”, — пракаментаваў TUT.BY тое, што здарылася Уладзімір Макараў, кіраўнік прэс-службы абарончага ведамства.
Маці Аляксея Мензурэнкі ўжо прыязджала з Оршы ў Мінск, размаўляла са следчым. Яна таксама сцвярджае, што капітана адвезлі з часці не ў бальніцу, а ў інтэрнат.
“Паклалі ў пакоі і папрасілі суседку прыглядаць за ім. Яна прыходзіла ў 23.00 [29 чэрвеня], ён яшчэ быў жывы, спаў, а раніцай 30-га — ужо мёртвы, — распавядае TUT.BY Святлана, маці загінулага вайскоўца. — Ускрыццё паказала, што ў яго “тупая траўма галавы”. Ніякіх падрабязнасцяў не ведаю: ён сам упаў, яго штурхнулі ці ўдарылі”.
У пакой сына ў інтэрнаце жанчына не змагла трапіць, яна была апячатаная.