Вальфовіч прапануе адмяніць для студэнтаў адтэрміноўку ад вайсковай службы

Беларускія вайскоўцы / t.me/modmilby
Беларускія вайскоўцы / t.me/modmilby

У Беларусі разглядаецца варыянт адмены для студэнтаў адтэрміноўкі ад службы ў войску. Пра гэта дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч заявіў на нарадзе ў Міністэрстве адукацыі.

Вальфовіч спытаўся ў рэктараў ВНУ, як яны ставяцца да таго, каб студэнтаў прызывалі ў войска падчас навучання, як гэта было ў СССР.

"Малады чалавек, які паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову, а потым пайшоў служыць, год адслужыў і вярнуўся на другі-трэці курс спелым — на яго і дзяўчаты будуць па-іншаму глядзець. І ён па-іншаму асэнсуе тое, для чаго ён наогул паступіў у вышэйшую навучальную ўстанову", — цытуе БЕЛТА словы Вальфовіча.

Ён заявіў, што такая практыка дазволіць скараціць колькасць гадзін для навучання на вайсковых кафедрах. Пры гэтым чыноўнік дадаў, што гэта яго меркаванне і ён хацеў бы пачуць думкі кіраўнікоў ВНУ.

У СССР студэнтаў, як правіла, прызывалі ў войска на другім курсе. Адтэрміноўка для атрымання вышэйшай адукацыі была ўведзеная ў 1989 годзе, пры кіраванні Міхаіла Гарбачова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі