Вашчыкоўскі: У нашых перамовах з Беларуссю мы дзейнічаем ад імя Еўропы
Актывізацыя польскай палітыкі адносна Беларусі адбылася ў тым ліку з-за падзей ва Украіне. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі ў інтэрв'ю выданню "Польскі дыпламатычны агляд". "Мы зрабілі высновы з украінскай сітуацыі, — сказаў ён. — Украінцы выйшлі на вуліцу, каб пратэставаць супраць адмовы ад праеўрапейскага курсу прэзідэнта Віктара Януковіча. Але палітыка — гэта мастацтва выбару паміж рознымі варыянтамі. Адсутнасць выбару прыводзіць да страты незалежнасці. Мы выступаем за суверэнітэт Беларусі, як і за суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны".
Паводле слоў Вашчыкоўскага, ёсць сігналы таго, што "беларускі бок мае неабходнасць у пашырэнні прасторы для палітычнага манеўру, магчымасці выбару і ўмацавання суверэнітэту".
"Мы даем такую магчымасць, — сказаў ён. — Мы дзейнічаем сумесна са спадарыняй Магерыні [кіраўніцай Службы знешніх дзеянняў ЕС Федэрыкай Магерыні]. У нашых перамовах з Беларуссю мы дзейнічаем ад імя Еўропы. Калі беларускі бок будзе зацікаўлены ў развіцці такога дыялогу, мы разам будзем вырашаць, як пабудаваць гэты эўрапейскі шлях".
"Мы не хочам дзейнічаць супраць кагосьці, але хочам працаваць на агульнае дабро", — цытуе словы кіраўніка польскага МЗС інфармацыйнае агенцтва БелаПАН.