Віцебскаму актывісту Сяргею Каваленку далі 10 сутак

27 снежня адбыўся суд над Сяргеем Каваленкам. Паводле міліцэйскага пратаколу, актывіст быў затрыманы за дробнае хуліганства і за непадпарадкаванне міліцыянтам. Адразу пасьля затрымання яго зьмясцілі пад варту, а амаль трое сутак ён адбыў у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання. Там ён з самага моманту арышту трымаў галадоўку.

Каваленку судзілі ў Першамайскім раённым судзе Віцебска. Супраць яго сведчылі міліцыянты. Трое праваахоўнікаў паказалі, што Сяргей Каваленка здзейсніў дробнае хуліганства — нібыта ён спраўляў малую патрэбу ў грамадскім месцы. Таксама актывіста абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыянтам — нібыта ён адмаўляўся добраахвотна сесці ў машыну і ехаць у РАУС для складання пратаколу.

Паводле Сяргея Каваленкі, непадпарадкавання не было, як не было і самога факту хуліганства. У інтэрв’ю Радыё Свабода ён заявіў, што быў затрыманы, як толькі выйшаў з аўтобусу, вяртаючыся дахаты. У той дзень ён наведваў сваю маці. На даху дому, дзе яна жыве, быў вывешаны бел-чырвона-белы сцяг. Гэтая акалічнасць і ёсць сапраўднай прычынай яго затрымання, упэўнены грамадскі актывіст.

Каваленку рашэннем суда пакаралі 10 суткамі арышту. Трое з іх ён ужо адбыў у ізалятары часовага ўтрымання, і такім чынам яму застаўся тыдзень за кратамі. Новы год ён сустрэне ў няволі.

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі