Віцяблянін падаў заяўкі на "шэсце" ў краму і "сход" у лазні

Праваабаронца Павел Левінаў падаў заяву ў Кастрычніцкі райсуд на чыноўнікаў Віцебскага гарвыканкама. Ён распавёў Радыё Свабода, што праінфармаваў гарвыканкам пра намер зладзіць аднаасобнае шэсце па маршруце ад свайго дому да крамы "Віцебскія прадукты". У адказ Левінаў атрымаў забарону на гэтае "масавае мерапрыемства", бо не заключыў дамовы на абслугоўванне акцыі супрацоўнікамі ЖКГ, лекарамі цэнтральнай гарадской паліклінікі і міліцыяй.

У адказ Левінаў кажа, што аднаасобнае шэсце ніяк не можа лічыцца масавай акцыяй. Акрамя таго, ён хоча, каб суд ацаніў бязглуздасць самога рашэньня Віцебскага гарвыканкаму №881, паводле якога мужчына мусіць хадзіць у краму ў суправаджэнні лекара, міліцыянта і дворніка. 

Праваабаронца кажа, што арганізатары масавых мерапрыемстваў у Віцебску мусяць заключаць папярэднія дамовы са службай ЖКГ, паліклінікай і міліцыяй і падаваць іх у органы ўлады разам з заяўкай. Але дамовіцца можна толькі са службай ЖКГ — іншыя структуры з розных прычын ухіляюцца ад заключэння дамоваў. 

Левінаў кажа, што знарок падае заяўкі на мерапрыемствы, забарона якіх выглядае смешна і недарэчна. Так, улетку ён звяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну з заяўкай на правядзенне сходу грамадзянаў у грамадскай лазні. І атрымаў чаканую адмову. Тады суд Чыгуначнага раёна не адмяніў забарону чыноўнікаў. 

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі