Віганд: Прапанова па зніжэнні кошту візаў — на стале ў беларускіх уладаў

Дырэктар дэпартамента Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Гунар Віганд знаходзіцца з афіцыйным візітам у Мінску. Візіт двухдзённы — 24-25 верасня. І сустрэча з журналістамі ў ім запланаваная не была. Тым не менш, яна адбылася. Праўда, пачаў размову еўрачыноўнік досыць нечакана.

Гунар Віганд: Я прыехаў не для таго, каб генерыраваць навіны. Вы можаце нічога не запісваць і пры гэтым нічога не згубіце. Я быў у вашай краіне напачатку года падчас адной з нашых спробаў стаць бліжэй да Беларусі ў межах “Усходняга партнёрства”. Як вы ведаеце, мы рыхтуемся да саміту ў Вільні. Гэта будзе ў канцы лістападу. І там мы хочам дасягнуць пэўнага прагрэсу з нашымі партнёрамі Украінай, Малдовай і Грузіяй. Гэта тое, што тычыцца палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі. Як вядома, “Усходняе партнёрства” прадугледжвае не толькі двухбаковае, але і шматбаковае супрацоўніцтва паміж краінамі-партнёрамі. І Беларусь з’яўляецца актыўным удзельнікам шматбаковага фармату супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства.

Што тычыцца двухбаковых адносінаў з Беларуссю, то тут мы прасунуліся не так далёка, як з іншымі партнёрамі. Але паступова яны наладжваюцца. І з пункту гледжання апошніх падзей — гэта магчымасць удзелу ўраду краіны ў “Еўрапейскім дыялогу па мадэрнізацыі”. Дакладней, ставілася пытанне наконт гэтага. І я буду мець сустрэчы з іншымі ўдзельнікамі гэтага дыялогу: з прадстаўнікамі апазіцыі і экспертамі. Мы будзем імкнуцца да таго, каб выпрацаваць правільную формулу ўдзелу, у тым ліку, органаў улады ў працэсах, пра якія мы зараз гаворым, і наладзіць узаемадзеянне паміж двума бакамі ў гэтым пытанні.

Нам было вельмі прыемна, што міністр замежных спраў Беларусі ўзяў удзел у пасяджэнні кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў краін-удзельнікаў Усходняга партнёрства ў Брусэлі ў ліпені гэтага года і ў нефармальнай сустрэчы міністраў у Ерэване ў гэтым месяцы.

І па меры паступовага ўзаемадзеяння з прадстаўнікамі органаў улады, з урадам па гэтых пытаннях мы хацелі б дасягнуць прагрэсу яшчэ і ў іншым накірунку. У нас ёсць канкрэтны шанец – прапанова ўжо ляжыць на стале беларускага ўраду – абмеркаваць пытанне падпісання дамовы наконт змякчэння візавага рэжыму і дамовы аб рэадмісіі. Гэта паспрыяе павелічэнню магчымасцяў вандровак беларусаў за мяжу, па Еўропе. Размова ідзе пра значнае зніжэнне консульскага збору [з 60 еўра за шэнгенскую візу сёння да 35 еўра. — Еўрарадыё]. У Вільні мы плануем падпісаць такую дамову з Азербайджанам. Тое ж тычыцца Арменіі — з ёй такое пагадненне набудзе моц ужо неўзабаве. Гэта я да таго, што Беларусь не з’яўляецца адзіным сябрам Усходняга партнёрства, з кім пакуль не дасягнутае такое пагадненне. Мы спадзяемся, што ў будучыні разуменне па гэтым пытанні будзе дасягнутае.

— Магчыма, вы, як былы міністр замежных спраў Карл Шварцэнберг напярэдадні пражскага саміту Усходняга партнёрства, сёння прывезлі беларускім уладам запрашэнне на ўдзел у віленскім саміце?

Гунар Віганд: На жаль, гэтага не адбылося. Каля звяртацца да той гісторыі напярэдадні пражскага саміту, то, у прынцыпе, такое магчыма, але трэба звярнуцца да гісторыі гэтых самітаў і таго, што адбывалася напярэдадні іх. [Тады запрашэнне Аляксандру Лукашэнку на саміт Усходняга партнёрства ў Празе ў Мінск прывёз асабіста тагачасны міністра замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнберг — з умовай, што сам Лукашэнка ў Прагу не паедзе. — Еўрарадыё] Таму, зараз, магчыма, гэта будзе нейкая іншая фігура на вышэйшым палітычным узроўні. Мы чакаем удзелу Беларусі — гэта гарантавана. І ў тым жа рэжыме, як і іншыя ўдзельнікі саміту, Беларусь атрымае запрашэнне да ўдзелу. Але я не магу сказаць пра ўзровень гэтага ўдзелу. Гэта рашэнне прымаецца не мной, а іншымі высокапастаўленымі асобамі.

— Сустрэчы з прадстаўнікамі якіх дзяржустаноў у вас былі? Якія пажаданні ці прапановы вы падчас іх агучылі ці яшчэ плануеце агучыць? Ці ўзнімаеце падчас такіх сустрэч пытанне вызваленне палітвязняў?

Гунар Віганд: У мяне адбылася дастаткова карысная сустрэча з намесніцай міністра замежных спраў спадарыняй Купчыной. На жаль, зараз у мяне не было часу на паўнавартасную размову, але сёння ў мяне будуць яшчэ дзве сустрэчы і на заўтра запланаваныя сустрэчы з амбасадарамі еўрапейскіх краін. І я лячу далей на Усход. Галоўнай мэтай маіх сустрэч і размоў у Беларусі было вызначыць: у якой ступені ўрад можа паўдзельнічаць у дыялогу паміж Беларуссю і Еўропай у Дыялогу па мадэрнізацыі. У той жа час я нагадаў пазіцыю афіцыйнай Еўропы – што далейшага і больш якаснага развіцця дыялога, нармалізацыі адносінаў і ўмацавання супрацоўніцтва паміж Беларуссю і ЕС будзе вызваленне і рэабілітацыя палітычных зняволеных.

— Да апошняга часу афіцыйны Мінск катэгарычна заяўляў, што не будзе браць удзелу ў прапанаваным ЕС Дыялогу па мадэрнізацыі. Магчыма, зараз вы правезлі нейкія новыя прапановы, якія прымусяць беларускія ўлады пераглядзець сваё стаўленне да гэтай ініцыятывы Еўрасаюза?

Гунар Віганд: Мы канструктыўна вядзём працу на гэтым накірунку. Мы разумеем, да якой ступені “адчувальныя” прадстаўнікі ўлады да ўсіх пытанняў.

Фота: www.mediamax.am, dw.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі