Віктар Цярэшчанка даў паказанні ў КДБ наконт Плошчы
Пра гэта кандыдат у прэзідэнты распавёў Еўрарадыё. Яго дапытвалі ў сувязі падзеямі на Плошчы 19 снежня
Як паведаміў Цярэшчанка, допыт цягнуўся некалькі гадзінаў і скончыўся каля 8-й гадзіны вечара. Па словах кандыдата, размова была вельмі цяжкая, следчыя КДБ задавалі шмат пытанняў. Вочных ставак з затрыманымі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках Цярэшчанку не праводзілі. Але ён не выключае, што яны адбудуцца ў наступныя дні. Палітыка выклікалі на допыт яшчэ на 22 снежня. З яго ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Па словах Цярэшчанкі, у следчым камітэце, куды яго запрасілі, на ўсіх дзвярах віселі шыльдачкі "Ідзе допыт".
Нагадаем, што кандыдат у прэзідэнты 19 снежня нядоўгі час прысутнічаў на Кастрычніцкай плошчы, калі ехаў са свайго выбарчага штаба на БТ. Там ён удзельнічаў у ток-шоў "Выбар". Разгон мірнай акцыі на плошчы Незалежнасці Цярэшчанка бачыў у студыі. Па яго словах, тое, што адбылося, было жорстка ў адносінах да людзей.
Гаворачы пра вынікі выбараў, Цярэшчанка адзначыў, што працэс падліку галасоў пакідае шмат пытанняў. Ён не выключае, што будзе абскарджваць вынікі выбараў у ЦВК. Прынамсі, рыхтуецца адпаведная заява.
Што да далейшых планаў, то кандыдат у прэзідэнты збіраецца з тыдзень адпачыць ад палітыкі. Але не выключае, што ўсё ж вернецца менавіта да гэтай сферы. "Вельмі хацелася б, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай", - адзначыў Цярэшчанка.