Віктара Ганчарэнку адпраўляюць у адстаўку

12 лістапада з'явілася інфармацыя, што беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнку звальняюць з пасады галоўнага трэнера "Кубані".

Экс-настаўнік барысаўскага БАТЭ перабраўся ў краснадарскі клуб у кастрычніку 2013 года. Пад кіраўніцтвам Ганчарэнкі "Кубань" паспяхова стартавала ў чэмпіянаце Расіі 2014/15. Пасля 13 тураў каманда дзеліць 3-5 месца ў турнірнай табліцы, пацярпеўшы толькі адну паразу.

Таму паведамленне спартыўнага сайта onedivision.ru, што Ганчарэнка адпраўлены ў адстаўку, спярша здалося “качкай”. Тым больш што неўзабаве гендырэктар "Кубані" Яўген Мураўёў абверг гэтую інфармацыю:

"Ганчарэнка працягвае працу на пасадзе галоўнага трэнера каманды. У нас няма перадумоў для яго звальнення".

Аднак неўзабаве аб звальненні беларускага спецыяліста пачалі паведамляць аўтарытэтныя расійскія СМІ, у тым ліку "Спорт-Экспресс". А потым і Яўген Мураўёў загаварыў зусім інакш:

"Не бачу сэнсу цяпер каментаваць гэтую сітуацыю. Ганчарэнка на працы, і пакуль што кантракт з ім не скасаваны. Разумею, што чуткі на пустым месцы не нараджаюцца, таму кажу: калі стане зразумелай сітуацыя, тады мы дамо дакладнае і яснае тлумачэнне. Цяпер жа працягваецца звычайны трэніравальны працэс, каманда рыхтуецца да таварыскага матчу, які адбудзецца ў нядзелю. Думаю, што да заўтрашняга дня мы растлумачым сітуацыю да канца".

Больш за тое, ужо з'явілася інфармацыя, што пераемнікам Віктара Ганчарэнкі можа стаць іншы беларус — Леанід Кучук, які са скандалам пакінуў "Кубань" летам 2013 года, а ў кастрычніку 2014-га звольнены з маскоўскага "Лакаматыва".

Фота — sports.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі