Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд палітвязню Мікалаю Дзядку
Вярхоўны суд Беларусі пакінуў у сіле прысуд палітвязню Мікалаю Дзядку, паведамляюць праваабаронцы. У лістападзе 2021-га ён быў асуджаны да 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. 25 студзеня судовай калегіяй разглядалася апеляцыйная скарга на прысуд.
Блогера і актывіста анархісцкага руху Дзядка затрымалі ў лістападзе 2020 года на канспіратыўнай кватэры ў Асіповіцкім раёне. Пры затрыманні моцна збілі. Прысуд быў агучаны ў Мінскім гарадскім судзе 10 лістапада мінулага года. Мікалая Дзядка прызналі вінаватым у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" і ў "незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў". Сваёй віны палітвязень не прызнаў.
У апеляцыйнай скарзе Дзядок заявіў, што "не меў намеру шкодзіць нацыянальнай бяспецы Беларусі", а "рэалізоўваў свае правы на свабоду выказвання меркавання і свабоду мірных сходаў". Таксама ён настойваў на фальсіфікацыі доказаў у сітуацыі з нібыта знойдзенай у яго бутэлькай з згаручай сумессю. Удзел у вулічных акцыях пратэсту ці напісанне артыкулаў для тг-канала Мікалай Дзядок не адмаўляў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.