Вярхоўны суд ліквідаваў яшчэ адну апазіцыйную партыю
Вярхоўны суд
20 верасня Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада). Пра гэта ў сацсетках паведаміў лідар партыі Ігар Барысаў.
З пазовам аб ліквідацыі выступала Міністэрства юстыцыі.
Барысаў нагадаў, што партыя дзейнічала з 1991 года: "У партыі з першага ўстаноўчага з'езду заставалася каля 10 сябраў. У тыя ліберальныя часы для стварэння партыі было дастаткова ўсяго 100 чалавек. Зараз улада ўзняла планку ў 5000 чалавек з прадастаўленнем усіх звестак аб партыйцах у Мінюст". Партыя адмовілася падаваць поўны спіс сяброў. 5 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу БСДП на адмову Мінюсту перарэгістраваць партыю.
"Ці можна забараніць быць сацыял-дэмакратам? Думаю, што не, хоць для цяперашняй улады гэта ўжо "мыслепреступленіе", бо тую працу, якую мы праводзілі, тыя каштоўнасці за якія мы выступалі, тыя праекты і канцэпцыі законаў, над якімі мы працавалі, тыя праграмы дзеянняў і платформы, якія мы прымалі — яны значна больш прагрэсіўныя за тыя, за якія выступае ўлада. Яны пра будучыню, а не пра мінулае. Яны арыентаваныя на чалавека, а не на ўладу, мэта якой самазахаванне", — заяўляе Барысаў.
Улады праводзяць "зачыстку" палітычнага поля напярэдадні чарговых выбараў. Разам з апазіцыйнымі ліквідуюць юрыдычную рэгістрацыю і ў некаторых праўладных партый.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.