Вяскоўцы просяць, каб Аляксандр Лукашэнка даў дождж
Пад зваротам падпісаліся больш за 20 чалавек.
Жыхары вёскі Стараград Кармянскага раёна, а таксама некаторых іншых паселішчаў Гомельшчыны і Магілёўшчыны накіравалі калектыўны зварот Аляксандру Лукашэнку. Вяскоўцы просяць кіраўніка дзяржавы дапамагчы ім з дажджом, перадае Радыё "Свабода".
Вяскоўцы пішуць, што ў рэгёне стаіць сухое надвор'е, а гэта можа кепска паўплываць на ўраджай. "На нарадзе Вы далі даручэнне старшыні Мінскага аблвыканкаму Сямёну Шапіру схадзіць у сінагогу і папрасіць дажджу. Ён Ваша даручэнне выканаў, і дажджы ў Мінску прайшлі. У нас жа працяглы час дажджоў няма, і мы лічым гэта дыскрымінацыяй — чаму Вы іх у нас не замовілі?" — гаворыцца ў звароце. Нагадаем, што гэтае выказванне з вуснаў Лукашэнкі прагучала падчас Паслання да народу і Нацыянальнага сходу.
Вяскоўцы хочуць, каб Лукашэнка запатрабаваў дождж для ўсё Беларусі, а таксама даручыў святарам зладзіць хросны ход.
Ініцыятарам збору подпісаў пад зваротам стаў грамадскі актывіст з Магілёва Аляксей Паўлоўскі. Па яго словах, пад зваротам падпісаліся два з паловай дзясятка жыхароў.
Фота Паўлоўскага — svaboda.org