Выходзіць кніга пра сексуальную рэвалюцыю ў савецкай Беларусі
Выходзіць кніга пра сексуальную рэвалюцыю ў савецкай Беларусі. Гісторык Аляксандр Гужалоўскі напісаў яе паводле архіўных дакументаў і паведамленняў перыядычнага друку, інфармуе Радыё "Свабода".
“Сексуальная рэвалюцыя ў БССР (1919 — 1929 гг.)” выйдзе з друку ў ліпені. Выдаўцы яе называюць сапраўднай сенсацыяй на беларускім кніжным рынку. Аўтар кажа, што яго праца не пра сэкс і каханне, а “пра імкненне чалавека да асабістай свабоды, якім было прасякнутае ўсё ХХ стагоддзе”. Многае пра жыццё беларусаў у першае дзесяцігоддзе існавання БССР дагэтуль застаецца малавядомым. У той час больш за сто тысяч чалавек жылі ў “фактычным шлюбе” — свядома адмовіліся ад ЗАГСа і царквы. У 1927-м колькасць абортаў амаль наблізілася да колькасці нараджэнняў. У 1920-я ў савецкай Беларусі раскрылі 446 бардэляў (толькі ў Гомелі ў 1927 годзе — 120), працавалі ў іх пераважна вясковыя дзяўчаты, якія не маглі знайсці працу ў горадзе.
“Прастытутка ў 1920-я гады была абсалютна нармальнай часткай ландшафту беларускага горада”, — кажа гісторык. У той час венерычныя дыспансеры былі перапоўненыя.