Вынесены прысуд мінскаму таксісту, які зламаў руку пасажыру
Хлопец страціў раўнавагу і ўпаў на асфальт (ілюстрацыйнае фота)
Вынесены прысуд мінскаму таксісту, які зламаў руку пасажыру. Мужчына атрымаў паўтара года "хіміі" (абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і мусіць выплаціць пацярпеламу ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды дзве тысячы рублёў.
З матэрыялаў справы вынікае, што 54-гадовы таксіст, жыхар Слуцка, вёз па сталіцы хлопца і дзяўчыну. Падчас паездкі кіроўца пацікавіўся, колькі ў пасажыраў грошай. Малады чалавек пачаў пералічваць грошы, а пасля ўзнікла сварка. Хлопец запатрабаваў спыніць машыну, і разам з дзяўчынай выйшаў з яе.
Аднак таксісту падалося, што пасажыры гучна грукнулі дзвярыма. Ён выйшаў з легкавіка і, "выказваючы розныя абразы", ударыў юнака па назе, з-за чаго той страціў раўнавагу і ўпаў на асфальт. Пасля гэтага таксіст з'ехаў. Ужо ўвечары яго знайшла міліцыя. Высветлілася, што ў 18-гадовага хлопца пералом рукі. Была распачатая крымінальная справа.
Таксіст сваёй віны не прызнаў. Тым не менш, суд прызнаў яго вінаватым у "прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.