Вызваліўшы Пачобута, Лукашэнка страціў апошні козыр у перамовах з Захадам. Меркаванне
Дональд Туск і Анджэй Пачобут / x.com/donaldtusk
— Пачобут вяртаецца ў Польшчу, так і не папрасіўшы памілавання ў Лукашэнкі. Фактычна ён вяртаецца як чалавек, які ў пэўным сэнсе перамог сістэму: тыя планы, што былі ў ўлады ў дачыненні да яго, рэалізаваць не ўдалося, — лічыць гісторык Аляксандр Фрыдман.
У эфіры Еўрарадыё ён разважае пра перамогу Анджэя Пачобута над рэпрэсіўнай сістэмай Беларусі і спрабуе зразумець, што ж Аляксандр Лукашэнка мог атрымаць узамен.
— Магчыма, Лукашэнка нешта атрымае ад Расіі. У гэтым абмене ён, відавочна, пайшоў насустрач Маскве. Для Расіі справа Пачобута не была прынцыповай — іх цікавіла іншая фігура, і дзякуючы дзеянням Мінска яны дасягнулі сваёй мэты. Таму не выключана, што Лукашэнка разлічвае на пэўную кампенсацыю з расійскага боку.
Аднак у кароткатэрміновай перспектыве ён, хутчэй за ўсё, страціў адзін з апошніх козыраў у перамовах з Захадам, у прыватнасці з Польшчай. Гучаць версіі, што гэта можа прывесці да пэўнага паляпшэння адносін або эканамічных кантактаў, але пакуль гэта толькі здагадкі.
На дадзены момант сітуацыя выглядае так: Лукашэнка, імаверна, хацеў атрымаць больш, пра што сведчылі і заявы дзяржаўнай прапаганды. Але ў выніку яму давялося пайсці на саступкі, каб увогуле адбыўся гэты, у цэлым тыповы, хоць і паказальны, шпіёнскі абмен, — сцвярджае Аляксандр Фрыдман.