Як будзе выглядаць галоўны футбольны стадыён Беларусі (фота)

Малюнак галоўнай беларускай футбольнай арэны, якую плануюць збудаваць побач са стадыёнам “Трактар”, журналістам пакуль не паказвалі. Кампанія “Трайпл”, якая мае непасрэднае дачыненне да здзяйснення праекта, пазнаёміла нас з архітэктурнай канцэпцыяй.

Плошча перад стадыёнам

 

Агульны выгляд

 

На фотаздымках — праект нямецкай кампаніі gmp International GmbH architects and engineers, якая перамагла ў конкурсе архітэктурных канцэпцый будаўніцтва футбольнай арэны. Удзел у творчым спаборніцтве ўзялі праектныя арганізацыі з Беларусі, Літвы, Германіі, Турцыі, Італіі і Францыі.

“Канцэпцыя ўтрымлівае толькі размяшчэнне і агульнае аблічча аб’ектаў, якія праектуюцца. Без дэтальнай прапрацоўкі і канкрэтнага напаўнення аб’ектаў”, — паведамляе Еўрарадыё кампанія “Трайпл”.

Прыкладны кошт праектавання і будаўніцтва будучага футбольнага стадыёна — 100 мільёнаў еўра.

“Больш дакладна суму можна будзе высветліць пасля распрацоўкі архітэктурнага праекта”, — удакладняюць у “Трайпле”.

Стадыён абяцаюць збудаваць камфортным для футбалістаў, гледачоў і прэсы. Плануецца, што дах над арэнай будзе абараняць публіку ад дажджу, ветру і прамых сонечных прамянёў. Змогуць назіраць за матчам і па-за межамі стадыёна дзякуючы вялікаму святлодыёднаму экрану.

Архітэктурная канцэпцыя створана, пасля будзе распрацаваны эскізны праект. Калі яго зацвердзяць — то будуць зроблены архітэктурны і будаўнічы праекты.

Перад распрацоўшчыкамі паставілі наступныя задачы:

1) адпаведнасць яго крытэрыям для стадыёнаў чацвёртай катэгорыі паводле рэгламенту УЕФА;

2) адпаведнасць патрабаванням да правядзення матчаў Еўра-2020;

3) унікальнае архітэктурнае рашэнне;

4) сучасная інфраструктура і ўсталяванне адпаведнага інжынернага і тэхналагічнага абсталявання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі