Як кандыдаты будуць агітаваць за сябе?

У кандыдатаў у прэзідэнты ёсць месяц, каб правесці агітацыйную кампанію і даказаць выбаршчыкам, што менавіта яны годныя кіраваць краінай. Еўрарадыё пацікавілася ў прэтэндэнтаў, якім крэатывам яны будуць здзіўляць беларусаў.

Кандыдат ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў не збіраецца вынаходзіць ровар і будзе рабіць стаўку на сустрэчы з людзьмі. Але паедзе ён туды, дзе не ступала нага палітыка.

Рыгор Кастусёў: “У першым плане ў нас стаіць Магілёўская вобласць. Асноўная ўвага будзе нададзена сустрэчам з людзьмі ў рэгіёнах. У тых рэгіёнах, дзе даўно не ступала нага ніводнага палітыка. Дакладна памятаю Чавусы, Бялынічы, Шклоў”.

Палітык адзначыў, што ёсць шмат цікавых задумак, але пакуль іх раскрываць не хоча. Магчыма, твар Кастусёва з'явіцца і на рэкламных шчытах.

А вось Яраслаў Раманчук будзе паціскаць рукі выбаршчыкам. Палітык лічыць, што асабісты кантакт — самы эфектыўны ў агітацыі.

Яраслаў Раманчук: “Мы ўжо пачалі кампанію “Мільён пацісканняў рук”. Мы працягнем яе больш інтэнсіўна. Акцэнт будзе зроблены на спатканні з людзьмі”.

Уладзімір Някляеў будзе агітаваць за сябе крэатыўна, шумна і прыгожа, расказала яго прэс-сакратар Юлія Рымашэўская. Цяпер у штабе кандыдата рыхтуюцца і не раскрываюць будучых сюрпрызаў.

Алесь Міхалевіч падчас агітацыі аб’едзе 20 гарадоў і прыдумае ўлёткі для ўсіх сацыяльных груп. Таксама палітык падрыхтуе шмат ноў-хаў, але пакуль, як і астатнія кандыдаты, трымае іх у сакрэце.

Алесь Міхалевіч: “Вельмі шмат чаго будзе незвычайнага. Але пакуль пра гэта казаць рана, бо звычайна гэта ноў-хаў, пра якія адразу не хочацца абвяшчаць”.

Пры ўмове, што ўладальнікі білбордаў і мясцовыя ўлады пагодзяцца, Алесь Міхалевіч плануе размясціць агітацыйныя плакаты на рэкламных шчытах.

Прадстаўнік хрысціянскіх дэмакратаў Віталь Рымашэўскі правядзе сустрэчы на кірмашах і ў цэрквах. Пра гэта распавёў кіраўнік перадвыбарнага штаба прэтэндэнта Павел Севярынец.

Павел Севярынец: “Будуць розныя творчыя падзеі. Сустрэчы ў рэгіёнах. Запланавана больш за 100 сустрэч. Гэта будуць сустрэчы ў цэрквах, на кірмашах у мікрараёнах. Запланаваныя канцэрты і рознага кшталту творчыя конкурсы”.

Білборды ў выбарчай кампаніі БХД выкарыстоўваць не будзе, дадаў Павел Севярынец. Замест гэтага з’явіцца больш крэатыўная рэклама.

А вось Мікалай Статкевіч лічыць выбары спектаклем, у якім не хоча падавацца блазнам.

Мікалай Статкевіч: “Нам на гэтых выбарах адвялі ролю блазнаў. Добраахвотна прымаць гэтую ролю я не збіраюся. Я буду звяртацца да выбаршчыкаў і буду заклікаць іх рабіць пэўныя крокі, каб мінімалізаваць фальсіфікацыю”.

Дзмітрый Ус будзе агітаваць за сябе на сустрэчах, пікетах і тэлебачанні. Андрэй Саннікаў пакуль не абвяшчае агітацыйных планаў, а Віктар Цярэшчанка падумае пра агітацыю пасля рэгістрацыі. Нагадаем, яна пройдзе 18 лістапада.


Фота: spring96.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі