Як кошт квітка на самалёт мяняецца ў залежнасці ад кошту ноўтбука

Многія, напэўна, чулі, што розныя сервісы пакупкі квіткоў на самалёт, браніравання гатэляў ці арэнды аўтамабіляў прапаноўваюць розныя цэны ў залежнасці ад вашага месцазнаходжання і нават кошту ноўтбука ці планшэта.

Еўрарадыё вырашыла праверыць, ці насамрэч з "багатых" здзіраюць больш, чым з "сераднячкоў".

Сервіс арэнды аўто дае розныя цэны для розных краін!

Спрабуем арандаваць аўтамабіль у Варшаве на два дні ў канцы чэрвеня. З дапамогай VPN у рэжыме інкогніта браўзера робім гэта тры разы з розных краін: Беларусі, ЗША і Францыі.

Вядомы сервіс Europcar прапануе беларусу машыну за 100 еўра на два дні. А вось амерыканец за такі аўтамабіль заплаціць ужо 130 долараў (116 еўра). Выгадней за ўсё, як паказала нашае даследаванне, жыць у Еўрасаюзе. Французу, немцу ці партугальцу тое самае аўто абыдзецца ўсяго ў 70 еўра! Праўда, пры ўмове перадаплаты. Але для беларусаў такой магчымасці ўвогуле не даюць.

Арэнда машыны на два дні ў Варшаве:

1. Жыхар ЕС — 70 еўра
2. Беларус — 100 еўра
3. Амерыканец — 116 еўра.

Ці завышае цэны booking?

Злавіць гэты сервіс арэнды гатэляў на гульні з цэнамі не атрымалася. Спрабуем замовіць жыллё на тыя ж два дні ў Варшаве. Схема такая самая — праз Беларусь, Францыю і ЗША. Сайт сапраўды выдае розную падборку гатэляў для розных краін. Але логікі ў гэтым няшмат. Амерыканцам першым варыянтам прапануюць даражэйшы гатэль, чым беларусам. Але самі цэны на адны і тыя ж гасцініцы не адрозніваюцца.

Квіткі на самалёт: уладальнік iPhone плаціць больш?

Вось тут самае цікавае. Калі замаўляць квіткі праз сайты авіякампаній, то, як правіла (а ў нашай Белавіі дакладна), ніякіх гульняў з цэнамі няма. Спачатку прадаюць таннейшыя квіткі, потым даражэйшыя, бываюць акцыі і распродажы.

А вось з сайтамі па падборцы танных авіябілетаў бывае рознае. Так, напрыклад, даволі вядомы skyscanner выдае для карыстальніка з Беларусі самы танны варыянт з Варшавы ў Парыж за 182 долары. А для карыстальніка з ЗША 167 долараў — маршрут і даты тыя ж. А парыжаніну такі пералёт абыдзецца ўвогуле ў 139 еўра (прыблізна 155 долараў).

Пералёт з Варшавы ў Парыж:

1. Жыхары ЕС — 155 долараў
2. Амерыканцы — 167 долараў
3. Беларусы — 182 долары

Праз сістэму orbitz спрабуем знайсці танны рэйс у Парыж таксама з Варшавы. Шукаем на звычайным ноўтбуку і макбуку на адну і тую ж дату. Уладальніку макбука сервіс прапануе квіток за 211 долараў, а карыстальніку таннага ноўта — усяго за 166!

Браніраванне самалёта з Варшавы ў Парыж з розных камп'ютараў:

1. Мажоры з макбукам — 211 долараў
2. Рабочы клас — 166 долараў

А гэта пошук квітка праз Макбук

Што рабіць?

Калі вы мажор з макбукам, то далей не чытайце: 20-30 еўра — для вас не грошы. 

Але калі хочаце зэканоміць, то не палянуйцеся і знайдзіце паўгадзінкі на эксперыменты. Можна спрабаваць шукаць квіткі праз рэжым інкогніта, рознымі сервісамі і не карыстацца для гэтага макбукам і айфонам. Можна ўсталяваць сабе VPN для браўзера і спрабаваць пошук з розных краін. А таксама шукаць праз афіцыйныя сайты авіякампаній. Удалага адпачынку!

Фота: cheap-trip.eu

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі