Як змянілася Беларусь за 8888 дзён Лукашэнкі
19 лістапада 2018 года ў беларускай гісторыі адбыўся містычны збег лічбаў. Са дня інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прайшло 8888 дзён.
Якія высновы зробяць з гэтай лічбы фанаты нумералогіі, разважаць не возьмемся. Затое можам распавесці вам, як за 8888 дзён Лукашэнкі змянілася Беларусь.
Мінус 8 нулёў
За 8888 дзён Беларусь перажыла тры дэнамінацыі. Адзін нуль прыбралі ў 1994 годзе (праз 23 дні пасля інаўгурацыі Лукашэнкі), тры нулі — у 2000 годзе і яшчэ чатыры — зусім нядаўна, у 2016-м.
Мінус пяць Пінскаў
Насельніцтва Беларусі з 10,227 мільёна чалавек ў 1994 годзе (па дадзеных Сусветнага банка) зменшылася да 9,491 млн чалавек (па звестак Белстата на 1 студзеня 2018 года). Беларусь за гэты час страціла 736 тысяч чалавек, ці 82,8 чалавека штодзень. Гэта параўнальна з такімі гарадамі, як Львоў ці Франкфурт-на-Майне. Гэта больш, чым жыло ў самым буйным абласным цэнтры Беларусі, Гомелі, да аварыі на ЧАЭС. 736 тысяч чалавек — гэта пяць такіх гарадоў, як Пінск.
Пілі менш...
Пару гадоў таму Беларусь засвяцілася ў навінах як самая пітушчая краіна свету. Што праўда, апошнім часам з першага месца нас пасунула Літва. Але ці заўжды было так? Спажыванне алкаголю у 1994 годзе — 9,9 літра на чалавека ў пераліку на чысты спірт. У 2016 годзе (апошнія звесткі СААЗ) — 11,2 літра.
...а школ было больш
У 1994 годзе было каля 5 тысяч школ, да 2018 года засталося 3067. За 8888 дзён Беларусь згубіла каля 2 тысяч школ. Інакш кажучы, у сярэднім адна школа закрывалася кожныя 4,5 дня.
Знешні доўг
У 1994 годзе — 1,2 мільярда долараў. На кастрычнік 2018 года — $16,5 млрд. Што называецца, адчуйце розніцу.
Цяпер знешні дзяржаўны доўг Беларусі параўнальны з гадавым бюджэтам Славакіі. У сусветным рэйтынгу па знешнім доўгу мы на 66-м месцы.
Дзіцячая смяротнасць
Дзіцячая смяротнасць знізілася з 15,7 выпадка на 1000 чалавек у 1994 годзе да 3 выпадкаў на 1000 чалавек у 2018 годзе. І гэта добра.
ВУП-дупі-дуп
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас з 17,79 мільярда долараў у 1994 годзе да 54,44 мільярда ў 2017-м. Крыніца — статыстыка Сусветнага банка.
Працягласць жыцця
Сярэдняя працягласць жыцця — чаканая працягласць жыцця нованароджанага пры захаванні бягучых паказчыкаў смяротнасці. У 1994 годзе гэты паказчык быў 68,7 года, у 2017 годзе — 74,3 года. Так што жыць мы сталі даўжэй. Але ці лепш?
Слухайце гэтую і іншыя навіны без рэкламы ў падкасце праграмы Eurozoom.