Яндэкс і Uber аб'ядналі бізнэсы па онлайн-замове паездак
Кампаніі Яндэкс і Uber 7 лютага абвясцілі, што завяршылі здзелку па аб'яднанні бізнэсаў онлайн-замовы паездак у Расіі і суседніх краінах. Займацца гэтым будзе новая кампанія, створаная імі, паведамляюць расійскія агенцтвы.
На момант закрыцця здзелкі Uber інвеставаў у новую кампанію 225 млн долараў, Яндэкс — 100 млн долараў. Яндэксу належыць каля 59,3% акцыяў кампаніі, Uber — 36,9%, а 3,8% — супрацоўнікам.
Генеральным дырэктарам новай кампаніі стаў Тыгран Худавердзян, які раней узначальваў Яндэкс.Таксі. У савет дырэктараў увайшлі чатыры прадстаўнікі ад Яндэкса і тры — ад Uber.
Надалей абодва дадаткі для замовы паездак — і Яндэкс.Таксі, і Uber — па-ранейшаму будуць даступныя карыстальнікам. А вось таксапарк і кіроўцы пяройдуць на адзіную тэхналагічную платформу.