Японскі мастак выйдзе з беларускай калоніі датэрмінова — 22 траўня
Японскага мастака Даічы Ёшыду вызваляць з беларускай калоніі 22 траўня. Тэрмін яго пакарання зменшаны да 1 года 9 месяцаў зняволення. Пра гэта паведамляе Радыё "Свабода" са словаў сям’і зняволенага.
Даічы Ёшыда — японскі мастак, які малюе ў стылі манга. У 2016 годзе ён быў на фестывалі манга ў Адэсе. У Кіеве набыў у антыкварнай краме розныя часткі зброі да 1945 года выпуску, каб выкарыстоўваць іх у якасці мадэляў для малюнкаў.
Пры перасадцы ў аэрапорце Мінск японца затрымалі за перавозку зброі. Сам ён кажа, што служба бяспекі ў аэрапорце Кіева праверыла і сфатаграфавала ўсе часткі зброі ў ягоным зарэгістраваным багажы і дапусціла яго на рэйс. У красавіку 2017 года мастак быў асуджаны беларускім судом на 4 гады 6 месяцаў зняволення за кантрабанду агнястрэльнай зброі. Неаднаразовыя спробы абскардзіць прысуд апынуліся безвыніковымі. Пасля гэтага сям’я Ёшыда двойчы звярталася з лістом да Аляксандра Лукашэнкі.