Ярмошына: Тэхналагічна нескладана, каб 30% дэпутатаў былі пераабраныя
21 красавіка кіраўнік краіны выступае ў Палаце прадстаўнікоў з пасланнем народу і парламенту. Што цікавага, а можа, нават сенсацыйнага пачулі ў яго выступе эксперты?
Што Беларусь знаходзіцца ў складанай эканамічнай сітуацыі, не хавае ніхто. Адпаведна, варта было чакаць, што Аляксандр Лукашэнка скажа, якім чынам мы будзем з гэтымі цяжкасцямі змагацца. Але эканаміст Сяргей Чалы нічога такога не пачуў.
Сяргей Чалы: “Ізноў быў выкарыстаны рытарычны прыём “як казаць, каб не сказаць нічога канкрэтнага”, што мы і пачулі: “Вы ведаеце, што ў нас ёсць безліч праблем, але зараз пра іх казаць мы не будзем — яны ўсе вядомыя”, “Рашэнні мы ўсе прынялі, вы пра іх усе ведаеце, усе даручэнні раздадзеныя — ідзе ўсе і думайце”, “Прааналізуйце інвестыцыйнае заканадаўства — прыдумайце прапановы” і гэтак далей. Усё, што было, паўтарэннем раней сказанага. Я чакаў, што будзе анонс: “Я вам зараз нічога сур’ёзнага не скажу — усё асноўнае будзе на Усебеларускім сходзе”. Так і атрымалася”.
А вось у дэпутата парламента Вольгі Палітыка іншы погляд на “эканамічную” частку звароту.
Вольга Палітыка: “Мне вельмі спадабалася, што ў пасланні вельмі добра прапрацаваны эканамічны блок пытанняў. Думаю, у вас былі асцярогі, што больш увагі будзе нададзена знешняй абстаноўцы, знешнім выклікам і пагрозам, але перш чым на іншых глядзець, трэба ў сябе ўсе праблемы вырашыць, трэба ўмацоўваць эканоміку. Гэта мне вельмі спадабалася ў пасланні!”
На ўдакладненне адказвае, што “ўсе болевыя кропкі, якія ў нас ёсць, былі абазначаныя, мы бачым, куды ісці па кожным з кірункаў, і інструменты ёсць для дасягнення гэтых мэтаў”.
Ладна, але што там са знешняй палітыкай у пасланні?
Тое, што цяпер ідзе наладжванне стасункаў з Захадам, тое, што нам гэта трэба, — усё гэта казалася і раней. Але сёння мы пачулі, што “працэс наладжвання стасункаў з Захадам спрабуюць забалбатаць”. Хто гэты шкоднік?
“Гэта інтэрпрэтацыя прэзідэнцкая, гэта не азначае, што ўсё насамрэч так, — тлумачыць выказванне кіраўніка Беларусі Дзяніс Мельянцоў. — Бо ў дыпламатыі і ў такім складаным працэсе нармалізацыі адносінаў пасля перыяду адсутнасці даверу паміж Беларуссю і Захадам вяртанне даверу адбываецца праз нейкія размовы, камунікацыю, праз крытычную масу візітаў, перамоў, дамоўленасцяў. Гэта не азначае, што ўжо на дадзеным этапе мусіць быць канкрэтны грашовы выхлап”.
“Мне падаецца, слова “забалбатаць” — гэта практычныя мерапрыемствы, што даюць выгады абодвум бакам — і выгады пажадана матэрыяльныя, што мы можам бачыць па напаўненні бюджэту, па паступленні валюты, — а не проста падпісанне нейкіх папер, пагадненняў, дакументаў… Лепш канкрэтнае супрацоўніцтва! Ствараць сумесныя прадпрыемствы, абменьвацца тэхналогіямі, уваходзіць у нейкія транснацыянальныя карпарацыі. Дзе мы маглі б навучыцца і новым тэхналогіям у кіраванні”, — дзеліцца сваім разуменнем слоў Аляксандра Лукашэнкі дэпутат Вольга Палітыка.
Кіраўнік краіны гаворыць пра неабходнасць пераходу 30% складу сённяшняга парламента ў парламент наступны. Нібыта каб дэпутаты з вопытам навучылі маладых калег усім нюансам заканатворчай працы. Па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, у гэтым пажаданні няма нічога новага, яно гучыць кожны раз напярэдадні парламенцкіх выбараў. І, кажа старшыня ЦВК Еўрарадыё, звычайна гэтая лічба вытрымліваецца.
Лідзія Ярмошына: “Я думаю, што на дадзены момант у нетрах парламента вядуцца кансультацыі: хто з дэпутатаў пойдзе на другі ці на трэці тэрмін. Зыходзячы з гэтай прапановы, мяркую, па выбарчых акругах будуць прадстаўленыя мясцовым уладам і будзе арганізаваная на месцах падтрымка працоўнымі калектывамі ў фармаванні ініцыятыўных груп. Тэхналагічна ў гэтым няма нічога складанага”.
Было яшчэ адно: словы Аляксандра Лукашэнкі пра нейкае рэгуляванне інтэрнэту. Што гэта можа азначаць — чытайце ў рэпартажы Алеся Пілецкага.