Юрый Зісер: Першая думка была — палітыка

Юрий Зисер: Первая мысль была — политика

Усё пра "Справу БелТА"

Заснавальнік TUT.by Юрый Зісер пракаментаваў сённяшні ператрус у рэдакцыі партала.

"Тэлефоны нашых журналістаў не адказваюць. Што з імі, мы не ведаем. Мяркуючы з прэс-рэліза Следчага камітэта, Марына Золатава і Ганна Калтыгіна — на допыце. Не бярэ трубку і Ульяна Бабаед, але наколькі мне вядома, яе няма ў краіне", — кажа Еўрарадыё Юрый Зісер.

7 жніўня ператрусы праходзяць у рэдакцыях TUT.by і БелаПАН. Яны звязаныя з крымінальнай справай аб узломе платнага доступу да навінавай стужкі дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. Хтосьці карыстаўся паролямі, выдадзенымі іншым кліентам агенцтва, праз што ў тых узнікалі праблемы з доступам.

"Прычына? Першая думка была — палітыка, але я пакуль не бачу падставаў так думаць, — кажа ён. — Мы не ведаем, што будзе далей, усё гэта адбылося раптоўна. Але калі б хацелі перакрыць партал, то, па-мойму, прасцей праз Белтэлекам, а потым зрабіць выгляд, што ніхто не ведае, чаму сайт не адкрываецца. З іншага боку, час летніх адпачынкаў схіляе да такога. Калі нешта здарыцца, мала хто прачытае і даведаецца. Усе на адпачынку".

Юрый Зісер расказаў, што ў рэдакцыі канфіскавалі тэхніку. Самога заснавальніка партала ў офіс пусцілі ўсяго на хвіліну. Паведамілі, што ідуць следчыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў, якія карысталіся паролем БЕЛТА. Ці была рэдакцыя падпісаная на рассылку інфармагенцтва апошнім часам, Юрый Зісер не ведае, але кажа, што хутчэй за ўсё не. Паводле яго словаў, раней, калі ён сам быў гендырэктарам партала, падпіска была.

"Цяпер у офіс нікога не пускаюць. Я паспеў заўважыць, што вінчэстары супрацоўнікаў, у тым ліку тых, якіх не выклікалі на допыт, забіраюць. Дакладна ведаю, што забралі вінчэстар Ульяны Бабаед", — распавядае Юрый Зісер.

Па словах заснавальніка TUT.by, нягледзячы на ​​ўсе складанасці, работа партала не парушаная. Журналісты працуюць дыстанцыйна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі