Гендырэктарка БелТА: Мы змянялі паролі. Але якая розніца?
Гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч распавяла Еўрарадыё, чаму звярнулася ў міліцыю з заявай, вынікам якой сталі вобшукі ў рэдакцыях TUT.by і БелаПАН, і затрыманні рэдактараў і журналістаў. Па яе словах, інфармагенцтва атрымала заявы ад некаторых арганізацый, якія плацяць за падпіску на БелТА, пра тое, што яны маюць складанасці з аўтарызацыяй.
“На навіны БелТА падпісаныя больш за 30 рэсурсаў, я іх ведаю. Ёсць тыя, якія не падпісваліся, але пад чужымі паролямі падключаліся да стужкі і атрымлівалі інфармацыю. Натуральна, самі мы не маглі разабрацца, хто гэта робіць. Таму мы напісалі заяву ў міліцыю для таго, каб яны разабраліся”.
Па словах Акуловіч, ні ў TUT.BY, ні ў БелаПАН падпіскі на платную стужку навін агенцтва не было.
“Я на гэтай пасадзе працую нядаўна, таму не магу вам дакладна сказаць, ці была гэта падпіска раней. Але, па-мойму, не было”, — кажа Акуловіч.
Таксама гендырэктарка БелТА распавядае, што паролі перыядычна змяняліся. Але яна не лічыць гэта важным: “Калі ёсць пароль, нават калі ён змяняецца, выкарыстоўваеце вы першы пароль ці другі — ад гэтага змяняецца сутнасць рэчаў?”.
БелТА збіраецца давесці справу да суда.