З 12 жніўня зноў даражэе аўтамабільнае паліва — на 1 капейку
З 12 жніўня зноў даражэе аўтамабільнае паліва — на 1 капейку. Паводле інфармацыі канцэрну “Белнафтахім”, кошты будуць наступныя: АІ-92-К5-Еўра — Br1,3 за літр, АІ-95-К5-Еўра — Br1,38, АІ-98-К5-Еўра — Br1,59, ДП — Br1,38.
У канцэрне заяўляюць, што новае падаражэнне адбываецца з улікам фактараў, якія на яго уплываюць: коштаў на нафту, падаткаў, курсаў валют.
За 7 месяцаў 2018 года кошт нафты для беларускіх НПЗ у параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га павялічылася на 35%. Кошты на нафтапрадукты, што рэалізуюцца на ўнутраным рынку, выраслі ў сярэднім на 14%.
У “Белнафтахіме” адзначаюць, што на ўнутраным рынку канцэрн прытрымліваецца палітыкі стрымлівання коштаў, якія застаюцца ніжэйшымі, чым у суседніх краінах.
«Цяпер кожны беларускі аўтамабіліст фактычна датуецца на 20-30 капеек на кожным літры паліва — больш, чым траціцца заводамі на яго вытворчасць. Таму канцэрн лічыць абгрунтаваным устанаўленне кошту, як мінімум, на ўзроўні, які кампенсуе выдаткі НПЗ”, — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Таксама звяртаецца ўвага, што ў агульных выдатках беларусаў на долю аўтамабільнага паліва прыпадае 2,2%. Для параўнання: на паслугі сувязі беларусы трацяць 3,3%. У выдатках транспартнікаў цана бензіну таксама складае невялікую долю — 4,4%.
Гэта значыць пры росце кошту на паліва на 10% іх выдаткі павялічваюцца не больш як на паўадсотка, заяўляюць у канцэрне.