З Беларусі выслалі расійскага журналіста

З Беларусі выслалі расійскага журналіста

З Беларусі ў Расію выслалі журналіста Аляксея Кручыніна, карэспандэнта расійскага "Першага канала", паведамляе 1tv.ru. Напярэдадні ўся здымачная група была пазбаўлена акрэдытацыі МЗС Беларусі. Адбылося гэта пасля выхаду на "Першым канале" сюжэта пра сітуацыю з каранавірусам у нашай краіне. У ім была крытыка палітыкі беларускіх уладаў. Спачатку гэтым абурыўся Аляксандр Лукашэнка. Пасля стала вядома пра пазбаўленне акрэдытацыі. А ўвечары 6 траўня тэлеканал "Беларусь 1" паказаў сюжэт "Інфармацыйная атака на Беларусь. 7 фэйкаў у адным сюжэце федэральнага канала Расіі".

Расійскі "Першы канал" сцвярджае, што "у чым менавіта заключаюцца прэтэнзіі, у беларускім МЗС не патлумачылі". Ён лічыць дзеянні ўладаў нашай краіны "абсалютна беспадстаўнымі".

Цікава, што Кручынін не атрымаў ніякіх афіцыйных дакументаў (не было зроблена ніякіх адзнак і ў пашпарце). Яму, як грамадзяніну Расіі, загадалі з'ехаць з тэрыторыі Беларусі да апоўначы 6 траўня, што ён і зрабіў. TUT.by звяртае ўвагу, што аператар Сяргей Панасюк, які працаваў з расійскім журналістам, беларускі грамадзянін. Пры гэтым "Першы канал", відаць, памылкова паведаміў і пра яго высылку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі