За абскарджванне смяротнага прысуду і копію дакументаў — 576 рублёў
За абскарджванне смяротнага прысуду і копію судовага рашэння Ігару Гершанкову суд выставіў рахунак — 576 рублёў. Як патлумачылі Еўрарадыё ў судзе, столькі каштуе копія прысуду, бо па законе адна старонка — гэта 0,1 базавай велічыні. А старонак у справе Ігара шмат.
На думку юрыста Паўла Сапелкі, суд мусіў зрабіць гэта бясплатна, для гэтага ёсць усе падставы.
Павел Сапелка: “Фармальна, усё падлічана верна. Але у суда ёсць права вызваліць асобу, якая мае для гэтага падставы, ад выплаты пошліны. А Гершанкоў ужо шмат часу пад вартай, даходу не мае, яго маёмасць арыштаваная. У яго смяротны прысуд, таму час ідзе на тыдні. Тут нельга накапіць грошай і пачакаць”.
Ігар Гершанкоў — фігурант нашумелай справы “чорных рыэлтараў”. Магілёўскі абласны суд пакінуў рашэнне пра расстрэльны прыгавор без зменаў. Адмяніць яго можа толькі Вярхоўны суд.