За год у Беларусі за хабар затрымалі 65 чыноўнікаў
Супрацоўнікі “эканамічнай” міліцыі падвялі вынікі працы: 1,5 тысячы валютчыкаў, канфіскаваныя тавары на 301 млрд і 710 тысяч літраў сурагату.
Кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) Беларусі Эдуард Нікіцін падвёў вынікі працы за 2014 год. Еўрарадыё адлюстроўвае іх у лічбах.
Сума хабараў за 2014 год рэкордная. Да крымінальнай адказнасці прыцягваюць 65 службовых асоб, з іх 29 чалавек атрымалі хабар у тысячу долараў і больш — 520 тысяч долараў на усіх.
За незаконны абарот імпартнай прадукцыі канфіскавалі тавараў у прыбытак дзяржавы на 301 мільярд рублёў (у 2013 годзе было 70,5 мільярдаў).
За незаконныя валютныя аперацыі склалі 1,5 тысячы адміністратыўных пратаколаў (806 было ў 2013 годзе). Распачата 28 крымінальных спраў і затрымана 116 буйных валютчыкаў.
За незаконныя валютныя аперацыі канфіскавалі валюты на 13 мільярдаў рублёў. Гэта амаль у 3 разы больш, чым у 2013 годзе (4,8 мільярда).
Пасля абвалу расійскага рубля ў Беларусь пайшоў нізкаякасны алкаголь. Аператыўнікі канфіскавалі 710 тысяч літраў сурагатнага алкаголю — гэта амаль 12 чыгуначных цыстэрнаў. Кошт канфіскаванага алкаголю — 54 мільярды рублёў, што ў 3,5 разы больш, чым у 2013 годзе.
Агульны эканамічны эфект ад дзейнасці ГУБЭЗ склаў больш за 680 мільярдаў рублёў — гэта па 700 мільёнаў за год з кожнага супрацоўніка на карысць дзяржавы.