За мінулы год у Беларусі асудзілі за крымінальныя злачынствы 43 420 асобаў
За мінулы год беларускія суды вынеслі прысуды 43 420 асобам за здзяйсненне крымінальных злачынстваў. Гэта амаль на 7% болей, чым пазалетась, паведамляе БелаПАН са спасылкай на Вярхоўны суд.
Амаль 4 тысячы прысудаў вынеслі за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі (рост на 13,2%), за карупцыю асудзілі 485 чалавек (рост на 63,3%), за кіраванне транспартам у нецвярозым стане — 1 684 (зніжэнне на 23,9%). 18 394 чалавекі здзейснілі злачынства, маючы нязнятую або не пагашаную судзімасць.
Па рашэннях судоў у турмы накіравалі 31,3% асобаў, прызнаных крымінальнымі злачынцамі. Таксама актыўна выкарыстоўваліся пакаранні ў выглядзе абмежавання волі, арышту, папраўчых працаў і штрафаў.
Аднаго чалавека летась асудзілі да расстрэлу, да пажыццёвых тэрмінаў прыгаварылі 7 чалавек.