За "п'яную" аварыю пад Белаазёрскам кіроўца атрымаў максімальны тэрмін
Фота svaboda.org
14 кастрычніка ў судзе Бярозаўскага раёна абвясцілі прысуд 31-гадоваму жыхару Белаазёрска Андрэю Букрабе — 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за ДТЗ, якое адбылося 7 ліпеня. У ім загінулі пяць чалавек — двое дарослых і трое дзяцей. Пра гэта паведамляе "Радыё Свабода".
Пакуль абвінавачаны не ведае, ці будзе абскарджваць прысуд. На судзе ён цалкам прызнаў віну.
ДТЗ адбылося каля 15:00 7 ліпеня ў раёне Бярозаўскай ЦЭЦ. У аўтамабілі "Мерсэдэс GL" ехала 10 чалавек, што з'яўляецца недапушчальным. Кіроўца быў п'яны, ён не справіўся з кіраваннем, і машыну вынесла з дарогі ў меліярацыйны канал.
У машыне было пяцёра мужчын, дзве жанчыны і трое дзяцей. Загінулі мужчына, жанчына і ўсе дзеці: хлопчык і дзяўчынка 9 гадоў і яшчэ адна дзяўчынка, якой было 4 гады.