Засланы рускі: як прапагандысты з RT змянілі беларускія медыя

Здымачная група RT у Мінску падчас пратэстаў / Еўрарадыё
Здымачная група RT у Мінску падчас пратэстаў / Еўрарадыё

Прыкладна тры тыдні таму беларуская прапаганда сур'ёзна змянілася. Месца нязграбных "Антыфэйкаў", пасля якіх трэба было праводзіць антыфэйк, і адыёзных экспертных каментароў пра фашыстаў пад БЧБ-сцягамі і натаўскую агрэсію занялі хітрыя маніпуляцыйныя відэаролікі. Змянілася танальнасць навін, якія апісваюць унутрыпалітычную сітуацыю.

Індустрыя мае велізарны размах. Рэч не толькі ў расіянах, якія прыехалі на змену тым, хто пайшоў, і супрацоўнікам дзяржаўных медыя, якія бастуюць. Беларусь уключаная ў велізарную прапагандысцкую сетку.

Як гэта працуе

Прывядзём адзін просты прыклад. На сайце "Украина.ру" 25 жніўня выходзіць артыкул "Ад "Радыё "Рацыя" да "Чёрных пауков": інструменты медыявайны Польшчы супраць Беларусі". Праз тры дні, 28 жніўня, гэты артыкул цытуе праўладны прапагандысцкі тэлеграм-канал "Жёлтые сливы". Але гэта толькі пачатак шляху.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Артыкул "Ад "Радыё "Рацыя" да "Чёрных пауков": інструменты медыявайны Польшчы супраць Беларусі"

Тэкст артыкула ў праграме "Контуры" на АНТ узнаўляе Юрый Гроераў. У падводкі да аднаго з сюжэтаў ён слова ў слова паўтарае урыўкі з артыкула з "Украина.ру", пры гэтым ні ў тэксце, ні ў тэлесюжэце не паказваючы, што гэта цытата. Усё гучыць як аўтарскі тэкст.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Тэкст артыкула ў праграме "Контуры" на АНТ

Так кругі ад аднаго прапагандысцкага артыкула ахопліваюць беларускую аўдыторыю ў дзясяткі тысяч чалавек. Такіх сотні артыкулаў. І ўсім ім цяпер адкрыта дарога ў Беларусь.

Расія прыйшла — парадак навяла

З інфармацыйным суверэнітэтам Беларусі ўсё было скончана ў самыя кароткія тэрміны. Парадак дня беларускіх дзяржСМІ быў цалкам паглынуты пракрамлёўскім медыяполем і наратывамі.

Затрыманыя пад Мінскам "вагнераўцы" і яшчэ 170 абстрактных мінскіх баевікоў? Забудзьцеся. Цяпер па ТБ кажуць, што пратэсты арганізаваныя Захадам па метадычках "каляровых рэвалюцый". Маўляў, гэта і не пратэсты зусім, а дэстабілізацыя, якую каардынуюць з Польшчы, Літвы, ЗША і Чэхіі. "Мірныя пратэсты" не з'яўляюцца такімі. Людзей, якія выходзяць на мітынгі, мала, гэта праплачаныя маргіналы. Пратэстоўцы пагражаюць чыноўнікам і сілавікам, а таксама іх сваякам.

НАТА пагрозліва манеўруе на заходняй мяжы, нарошчвае войскі і можа арганізаваць вайсковыя правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем знішчальнікаў. Польшча драпежна глядзіць на Беларусь і хоча забраць сабе Гродзенскую вобласць.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Сюжэт АНТ "У інфармацыйнай прасторы разлілася вайна за ўплыў на розумы беларусаў"

Захад агрэсіўна ўмешваецца ў беларускія ўнутраныя справы, спрабуе сапсаваць беларуска-расійскія адносіны і стварыць масавыя антырасійскія настроі. Але незалежнасць Беларусі магчымая толькі ў глыбокім саюзе з Расіяй. Яна абароніць Беларусь ад агрэсіўнага ўплыву Захаду.

Інфармацыйная гуманітарка

Штрэйкбрэхераў з расійскага ТБ запрасіў у Беларусь асабіста Аляксандр Лукашэнка: "Я папрасіў расіян: дайце нам дзве-тры групы журналістаў на ўсялякі выпадак. Гэта шэсць ці дзевяць чалавек з самага прасунутага тэлебачання".

"Самым прасунутым" аказаўся канал RT. Яго кіраўніца Маргарыта Сіманьян.

Пасля гэтага на вулічных акцыях у Мінску стала з'яўляцца перасоўная станцыя тэлеканала RT, а карэспандэнт гэтага тэлеканала Канстанцін Прыдыбайла атрымаў "доступ да цела". Дакладней, да ўсіх цел: вось ён задае пытанні Лукашэнку, а вось едзе ў машыне з кіраўніком МУС Караевым.

Праўда, на першым часе замежныя спецы па прапагандзе дапускалі маленькія недакладнасці. Беларусіяй краіну незнарок называлі.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа

Усё пачалося з перадруку матэрыялаў з сайта RT і рэпостаў з тэлеграм-каналаў RT у праўладныя ТГ-каналы. Але неўзабаве прапагандысцкі чорна-зялёны цягнік набраў абароты і панёсся наўскач.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа

Цяпер не толькі ТБ, але і афіцыйныя тэлеграм-каналы дзяржСМІ забяспечваюцца свежым кантэнтам ад RT, дзе "гаваркія галовы" расказваюць, што "пратэст здзьмуўся", а ходзяць туды "школьнікі, якія стаміліся ад улады, клоўны-крыкуны і бяздзейныя разявакі". А з вуліц паступаюць сюжэты пра "мяккія затрыманні" пратэстоўцаў АМАПам.

Раней айчынны прапагандысцкі прадукт абыходзіўся сіламі мясцовых экспертаў, але цяпер на беларускім ТБ высадзіўся расійскі дэсант. На нашых каналах паспеў засвяціцца, напрыклад, Уладзімір Карнілаў — палітычны аглядальнік МІА "Россия Сегодня", калумніст згаданага вышэй сайта "Украина.ру".

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Уладзімір Карнілаў — палітычны аглядальнік МІА "Россия Сегодня", калумніст сайта "Украина.ру".

Яшчэ адзін эксперт, які засвяціўся ў эфіры "апгрэйднутага" АНТ, — Аляксандр Малькевіч. У 2018 годзе ён узначаліў прапагандысцкі праект USA Really, які лічыцца часткай "фабрыкі медыя" Яўгена Прыгожына. Неўзабаве пасля запуску выданне было заблакавана ў ЗША, а Малькевічам зацікавілася ФБР. А яшчэ Малькевіч прэзідэнт Фонду абароны нацыянальных каштоўнасцяў у Расіі.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Аляксандр Малькевіч. У 2018 годзе ён узначаліў прапагандысцкі праект USA Really, які лічыцца часткай "фабрыкі медыя" Яўгена Прыгожына.

Сілавікі + супрацоўнікі RT

Супрацоўнікі расійскага тэлеканала маюць карт-бланш з боку ўладаў і сілавікоў у Беларусі. Напрыклад, 27 жніўня падчас масавых затрыманняў журналістаў на плошчы Свабоды (хоць МУС і настойвае, што гэта было не затрыманне, а "дастаўка" ў РУУС для праверкі акрэдытацыі) — супрацоўнікаў RT сілавікі не кранулі. Іх акрэдытацыйныя карткі міліцыянерам аказалася дастаткова паглядзець на месцы.

Засланный русский: как пропагандисты с RT изменили белорусские медиа
Супрацоўнік RT Ігар Жданаў, які працуе цяпер у Беларусі

Пасля гэтага супрацоўнікі расійскага канала спакойна расказвалі пра 200 мітынгоўцаў на плошчы Свабоды. І рабілі зручную ім карцінку, якую складана зняпраўдзіць, — бо там не засталося журналістаў.

Перад камерамі RT беларускі АМАП пазбягае брутальных затрыманняў, абмяжоўваючыся ласкавым суправаджэннем у аўтазак. Пасля выходзяць сюжэты пра тое, як разганяюць пратэстоўцаў "без прымянення сілы".

Фэйк і скажэнні

26 жніўня супрацоўнік RT Ігар Жданаў, які працуе цяпер у Беларусі, апублікаваў у сваім ТГ-канале відэа, на якім Ніна Багінская спрабуе адабраць у амапаўца свой бел-чырвона-белы сцяг. Суправадзіў гэта ён каментаром:

"Калі вам наступны раз будуць казаць, што ў Беларусі сілавікоў не правакуюць, — паказвайце ім гэта відэа. Дарэчы, яе так і не затрымалі — у аўтазак адводзілі толькі мужчын".

Ніне Багінскай 73 гады. На фоне двухмятровых байцоў АМАПа яна выглядае малюсенькай. Правакатар з яе так сабе — хутчэй, так можна назваць амапаўца, які сарваў сцяг з яе дрэўка. Так што далейшыя падзеі, вырваныя з кантэксту. Але, на шчасце, ёсць поўнае відэа таго, што адбылося.

Поўнае відэа з Нінай Багінскай і АМАПам

І гэта не першы раз, калі расійскія спецыялісты выбіраюць такія тапорныя метады прапаганды. 21 жніўня на "Беларусь 1" выходзіць сюжэт, у якім Марыя Калеснікава з'язджае з мітынгу ў Жлобіне пад крыкі людзей "Сыходзь", адрасаваныя нібыта ёй. Але калі паглядзець арыгінал відэазапісу, высвятляецца, што людзі раілі сыходзіць не Калеснікавай, а Аляксандру Лукашэнку.

А яшчэ быў ролік, у якім расійскія дактары (сярод іх нават былы галоўны санітарны доктар Расіі Генадзь Анішчанка) адгаворваюць беларускіх калег ад забастоўкі. Маўляў, дактары проста не маюць права баставаць, бо ад іх працы залежаць жыцці людзей. Але беларускія дактары і не збіраліся аб'яўляць забастоўку! Яны выходзяць толькі на кароткія акцыі пратэсту і ланцугі салідарнасці. А пасля прагляду роліка ў галаве застаецца думка, што беларускія дактары, якія пратэстуюць, парушаюць прафесійную этыку.

Нівеліраванне пратэставай актыўнасці

Другі тыдзень па ўсёй Беларусі праводзяцца мітынгі ў падтрымку Лукашэнкі — з лозунгамі "Любимую не отдадим" і "За Батьку!". Бацькам Лукашэнку да гэтага лета называлі выключна ў Расіі. А самі мітынгі ў інтэрнэце называюць "лутынгамі" — па аналогіі з "путынгамі" — мітынгамі бюджэтнікаў у падтрымку Уладзіміра Пуціна.

Уласна, сама назва гэтых мітынгаў гаворыць пра "расійскі след". "Бацька" ў дачыненні да Лукашэнкі перастаў гучаць з вуснаў беларусаў ужо гадоў гэтак дваццаць. Затое ў іншых краінах — і ў Расіі ў першую чаргу — яго так працягваюць называць.

Асноўная ідэя прапагандысцкіх сюжэтаў цяпер — гэта не сцвярджэнне перамогі Лукашэнкі на выбарах, а спроба пераканаць беларусаў, што пратэст выдыхнуўся, зліўся і захлынуўся. Мэта такога наратыву простая — дэматываваць людзей. Каб спыніўся супраціў, каб праціўнікі Лукашэнкі зноў раз'ядналіся і забыліся пра салідарнасць.

Задача такой прапаганды ў тым, каб людзі спынілі супраціў, перасварыліся і засумняваліся ў сабе. І паверылі, што нічога нельга змяніць — не варта нават і спрабаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі