Затрыманы кіраўнік мінскага футбольнага клуба СКВІЧ Віктар Паўлаў
Затрыманы кіраўнік мінскага ТАА "Футбольны клуб СКВІЧ" Віктар Паўлаў. Ён праходзіць па крымінальнай справе аб крадзяжы 14 мільярдаў рублёў. Пра гэта паведамляе партал tut.by, які спасылаецца на афіцыйную прадстаўніцу Следчага камітэта Юлію Ганчарову.
Бізнесмен Паўлаў падазраецца ў тым, што на працягу чатырох гадоў выкарыстоўваў грошы дольшчыкаў жылога дома ў мікрараёне Каменная Горка (на скрыжаванні вуліц Нёманская і Налібоцкая) на гаспадарчыя патрэбы, не звязаныя з яго пабудовай. Яшчэ ў канцы 2015-га была распачатая крымінальная справа. Следчыя высветлілі, што з-за дзеянняў кіраўніка ФК СКВІЧ былі істотна зацягнутыя тэрміны будаўніцтва. Паводле рашэння дзяржорганаў, да працаў на аб'екце прыцягнулі новыя падрадныя арганізацыі. Ім СКВІЧ яшчэ павінен 70 мільярдаў рублёў.
Адзначаецца, што ўпраўляючы ФК СКВІЧ, нягледзячы на нездавальняючыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці кампаніі, атрымліваў узнагароджанні — агулам больш за 1 млрд рублёў. Акрамя таго, ён атрымаў, "у якасці ўзнагароджання", тры жылыя памяшканні ў пабудаваным шматкватэрным доме.
Расследаванне па справе Віктара Паўлава праводзіць Упраўленне Следчага камітэта па г. Мінску.
Нагадаем, футбольны клуб СКВІЧ быў заснаваны бізнесменам Паўлавым у 2000 годзе. Ён выступаў і ў вышэйшай лізе, у апошнія гады гуляе ў другой лізе чэмпіянату Беларусі.