“Завыла б!": прафесарка БДУ запісала відэа ў падтрымку звольненага калегі
Прафесарка Наталля Абрашына-Жадаева / "Фэйсбук"
"Якое стаўленне да нас, будзе залежаць толькі ад нас. Цяпер вы дазволілі звольніць калегу, потым вашы калегі дазволяць звольніць вас", — піша на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" прафесарка кафедры вышэйшай матэматыкі і матэматычнай фізікі БДУ, доктарка фізіка-матэматычных навук Наталля Абрашына-Жадаева.
20 студзеня жанчына апублікавала эмацыйнае відэа, у якім расказала пра свае пачуцці з нагоды таго, што адбываецца ў Беларусі пасля выбараў 2020 года. Таксама яна падтрымала вучонага фізіка Максіма Шундалава, які, з ейных словаў, паддаўся на ўгаворы і сышоў з універсітэта.
Еўрарадыё публікуе расшыфроўку слоў прафесаркі і сам зварот:
Прыйшла з працы і, калі б магла, то завыла б
Чаму? Усё проста: мы ў летні выбарчы час 2020 года былі звычайнымі грамадзянамі сваёй краіны і ў нас яшчэ трохі цеплілася ў душах, што нашы правы не будуць парушаныя. Так, калі б так і адбылося, то мы б абралі ў прэзідэнты Віктара Бабарыку або Сяргея Ціханоўскага. Але ўсё было зроблена так, каб гэтага не здарылася.
Вы ведаеце, хто вырашыў усё паставіць з ног на галаву
Усё, што адбылося потым, называецца мірным пратэстам. Былі мірныя маршы і мірнае патрабаванне вярнуцца да сумленнага пераліку галасоў ці новых выбараў. І што? Наша нязгода было трактавана як экстрэмізм. Хлопцаў хапалі, саджалі. Хтосьці і сёння незаслужана сядзіць. За што? Хто за што... галоўнае павесіць ярлык!
Прыпісваюць, што мы служым замежным дзядзькам
Лухта. Мы жылі тут і будзем жыць. І хочам, каб была змяняльнасць улады, а не перапісванне Канстытуцыі па жаданні "аднаго". Колькі нашых грамадзян уцекла з краіны, колькі сёння звальняюць, каб дагадзіць "аднаму". Ці ён не ведае, што звальняюць лекараў і выкладчыкаў і іншых спецыялістаў. Ды што вы, ягоныя дзеці будуць вучыцца ў элітных школах і ВНУ і лячыцца таксама ў годных дактароў за мяжой або сюды іх прывязуць.
Кожны сам выбірае: служыць ці прыслужваць
Я сёння, калі б змагла, дык завыла б. Чаму? А таму што паддаўся на ўгаворы Шундалаў Максім — выдатны выкладчык і навуковец, напісаў па ўласным. Такіх прафесіяналаў засталося няшмат. Але больш за ўсё мяне збянтэжыла паведамленне, што калегі з іншых кафедраў пагадзіліся выконваць за яго ягоную нагрузку. Гэта як? Думаюць, што з імі так не паступяць? Што іх такая доля абміне? Сёння вы прамаўчалі, а заўтра з вамі гэтак жа разлічацца. Так ужо было ў гісторыі. Кожны сам выбірае: служыць ці прыслужваць. Як той казаў: "служыць Богу ці прыслужваць Юду".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.