Зборная Бразіліі стала першым чвэрцьфіналістам чэмпіянату свету па футболе

Зборная Бразіліі ў серыі пенальці перамагла каманду Чылі і стала першым чвэрцьфіналістам чэмпіянату свет па футболе. Лік на 18 хвіліне адкрылі бразільцы пасля таго, як мяч сабе ў вароты зрэзаў гулец чылійцаў. Праўда, гол запісалі на абаронцу гаспадароў турніру Давіда Луіза.

Праз 14 хвілін Санчэс аднавіў раўнавагу. На 55 хвіліне Халк мог вывесці бразільцаў наперад, але суддзя палічыў, што ён падыграў сабе рукой, і паказаў нападаючаму жоўтую картку.

За хвіліну да заканчэння дадатковага часу Пінілья ледзь не выбіў гаспадароў турніру, аднак патрапіў у перакладзіну.

У серыі пасляматчавых пенальці варатар бразільцаў Жуліа Сезар здолеў двойчы адбіць удары чылійцаў, столькі ж не забілі і бразільцы. Свой апошні пенальці нападаючы гаспадароў Неймар рэалізаваў удала. Хара ж трапіў у штангу.

3:2 у серыі пенальці і Бразілія ў ¼ фіналу сустрэнецца з пераможцам пары Калумбія-Уругвай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі