Сёння вызначыцца чэмпіён свету па футболе
У фінальным матчы турніру, які праходзіць у Бразіліі, сустрэнуцца зборныя Аргенціны і Германіі.
Вырашальны паядынак пачнецца а 22.00 паводле мінскага часу і яго пакажуць у жывым эфіры па тэлеканале “Беларусь 2”.
Зборныя Германіі і Аргенціны ў трэці раз сыдуцца ў фінале чэмпіянатаў свету. На рахунку абедзвюх каманд па адной перамозе: “альбіселестэ” на чале з Дыега Марадонай адолелі немцаў у 1986 годзе, а праз чатыры гады мацнейшымі апынуліся бундэстым.
Саперніцтва Аргенціны і Нямеччыны — гэта не толькі супрацьстаянне двух каманд, гэта яшчэ і супрацьстаянне частак свету. Еўрапейскія каманды яшчэ ніводнага разу не станавіліся чэмпіёнамі свету ў Паўднёвай Амерыцы. Калі перамогу ў фінале здабудуць аргенцінцы, то зраўняюць лік у супрацьстаянні Паўднёвай Амерыкі і Еўропы ў агульным ліку перамог на галоўным футбольным турніры чатырохгоддзя. На гэты момант лік 10-9 на карысць Еўропы. Перамога лацінаамерыканскай каманды прынясе ім трэці ў гісторыі тытул і дазволіць зраўняцца па колькасці перамог з бундэстым.
На сёлетнім першынстве свету Германія ўдвая пераўзыходзіць Аргенціну па колькасці забітых галоў. Асабліва моцным быў вынік у паўфінальным матчы з Бразіліяй — немцы яго выйгралі з лікам 7:1. Аднак галоўны трэнер нямецкай зборнай Ёхім Лёў прызнаецца, што не чакае паўтарэння такога сцэнарыя ў фінальным паядынку.
Нагадаем, што "бронзу" сусветнага першынства атрымала Галандыя, якая абыграла Бразілію з лікам 3:0.