Журналіст Сацук апісаў стыль сустрэчы з Косінцам: я начальнік — ты дурань

На наступны дзень пасля прэс-канферэнцыі Аляксандра Лукашэнкі журналіст Сяргей Сацук (у яго адбылася гутарка з кіраўніком дзяржавы падчас мерапрыемства на тэму карупцыі) сустракаўся са старшынёй Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандрам Косінцам, яго намеснікам Валерыем Міцкевічам і кіраўніком Следчага камітэта Валянцінам Шаевым. Ужо ўвечары БЕЛТА і дзяржаўныя тэлеканалы выставілі сустрэчу ў такім рэчышчы, што журналіст не змог прадаставіць чыноўнікам грунтоўных фактаў.

“Ці праўда гэта?” — цікавімся непасрэдна ў Сяргея Сацука.  

“Падчас сустрэчы мне адразу кажуць: “Ну, давайце факты карупцыі”. Я адказваю: “Якія факты карупцыі? На сустрэчы з прэзідэнтам я казаў аб фактах, якія сведчаць пра тое, што ў нас ствараюцца цяплічныя ўмовы для карупцыі”. Можаце паглядзець відэа і ўпэўніцца, што я казаў менавіта так”.

Па словах Сяргея Сацука, ён акрэсліў перад высокімі чыноўнікамі яго бачанне праблемы:

“У першую чаргу, ад журналістаў закрылі ўсю інфармацыю пра карупцыю. Раней прэса магла спакойна камунікаваць з аператыўнікамі, следчымі — а далей капаць самі. Сёння ж, дзякуючы ў першую чаргу Следчаму камітэту, усе спробы кантактаў у абыход прэс-службы спыняюцца. Нас тры месяцы на праслухоўцы трымалі, у выніку звольнілі за кантакты з журналісткай двух следчых. Прытым зрабілі гэта гучна, усе пра гэта даведаліся і перасталі з намі мець зносіны. Пра гэта я прэзідэнту і казаў”.

Еўрарадыё: Як на гэта адрэагавалі чыноўнікі?

Сяргей Сацук: “Шаеў на гэта разгарнуў службовую інструкцыю і наконт кантактаў са следчым напрамую пачаў абурацца, маўляў, як следчы можа напрамую рабіць злівы! “Як гэта так, гэта ж крымінальная справа! Нельга!” Я кажу: “Следчы — працэсуальна незалежная асоба. А ваша інструкцыя па працы са СМІ пазбаўляе яго гэтай незалежнасці. Ён можа самастойна вырашаць, якую інфармацыю даваць і ў якім аб’ёме. А вы яму звязалі рукі”. Кіраўнік Следчага камітэта пачаў казаць пра правы людзей: “А калі вы напішаце нейкі бруд?” Кажу: “Калі ласка, ёсць суд, мы што, хаваемся?” Нам прапаноўваюць размаўляць з падазраванымі, калі яны на волі і адвакатамі. Але ж нам трэба довады гэтага адваката праверыць. А мы гэтага не можам зрабіць. У выніку мы не можам працаваць па карупцыйных справах. Чамусьці пра адныя справы можна пісаць, пра якія яны паведамляюць. А пра іншыя справы, пра якія яны афіцыйна не паведамляюць, пісаць нельга. А многія справы тым часам замінаюцца. То бок сённяшняя практыка пакрывае карупцыянераў”.

Сяргей Сацук распавёў пра тое, што закон “Аб барацьбе з карупцыяй” падчас сустрэчы практычна не абмяркоўвалі, бо акт сёння “дапрацоўваецца і ў яго ўносяцца змены”. Таксама падчас сустрэчы журналіст выказаў меркаванне наконт практыкі так званай прыдухіленай страты, калі праваахоўнікі могуць самавольна адмяняць тэндары.

“І дакладваюць пры гэтым, што прадухілены страты на такую та суму, — працягвае журналіст. — І далей тэндарная камісія працягвае працаваць. І няма ні спраў крымінальных, ні разбіральніцтваў — нічога”. Таксама я пакінуў падчас сустрэчы факты, калі звычайны капітан АБЭП адмяняе буйную здзелку (пры гэтым няма нікіх доказаў, а толькі яго меркаванне). І дакладвае, што прадухіліў страты. А насамрэч такімі дзеяннямі сам нанёс страты дзяржаве. Па гэтых фактах будзе праведзена праверка. Я папрасіў, каб мне паведамілі пра яе вынікі. А ў мяне між тым шмат такіх фактаў”. Напрыканцы мы засталіся сам-насам з Валерыем Міцкевічам. І ён прызнаў: “Часткова вы маеце рацыю, практыку прадухіленых стратаў трэба спыняць”.

Еўрарадыё: Якое ваша ўражанне ад сустрэчы?  

Сяргей Сацук: “Мне сустрэча абсалютна не спадабалася. Такая пазіцыя Шаева і Косінца: “Я начальнік — ты дурань”. Я толькі спрабаваў Косінцу нешта запярэчыць, ён мяне спыняе: “Ды не, факты давай”. Вось следчага звольнілі, вось нас праслухоўвалі, хоць мы не парушалі законаў. Гэта што, не факты? Вось з Міцкевічам нешта можна было канструктыўна абмеркаваць”.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі