Жыхар Бераставіцкага раёна стварыў наркалабараторыю ў закінутым доме

Гродзенскія праваахоўнікі пачалі крымінальную справу на 24-гадовага жыхара Бераставіцкага раёна за незаконны абарот наркотыкаў.

Як інфармуе БелаПАН, малады чалавек арганізаваў наркалабараторыю ў закінутым доме, які даўным-даўно ніхто не наведваў. Там ён высадзіў каноплі і нават паспеў сабраць невялікі ўраджай.

Аднак пра яго схільнасці даведаліся аператыўнікі мясцовага райаддзела міліцыі. Яны затрымалі маладога чалавека. Падчас агляду памяшкання міліцыянты канфіскавалі восем кустоў канопляў, таймер, электронныя шалі, некалькі цеплавых вентылятараў, лямпы, а таксама іншыя аксэсуары. Папярэдне ўстаноўлена, што "траўку" малады чалавек вырошчваў для сябе.

Як высветлілася, хлопец нават вёў табліцы, у якіх адзначаў тэмпературу і час паліву раслін. Ён аналізаваў звесткі, каб прымаць адпаведныя рашэнні па далейшым доглядзе за каноплямі. Праваахоўнікі кажуць, што насенне канопляў хлопец замовіў праз інтэрнэт з-за мяжы.

Фота — italy4.me

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі