Магілёўцы сабралі 177 подпісаў супраць высялення з інтэрната адзінокай маці
Подпісы адправілі у Адміністрацыю кіраўніка Беларусі.
Ірына Ільінская пражыла ў інтэрнаце “Будаўнічага трэста №12” 14 год. Раней яна мела хадайніцтва на атрыманне пакою ў інтэрнаце ад іншай арганізацыі, а таксама ў яе была бестэрміновая дамова арэнды на пражыванне. Год назад ёй прапанавалі перазаключыць дамову арэнды на 1 год. Адміністрацыя трэста запэўніла Ірыну, што для яе не будзе ніякіх наступстваў, аднак роўна праз год прапанавала ёй выселіцца без прадастаўлення іншага месца жыхарства.
Ініцыятарам збору подпісаў супраць высяленне маці з непаўнагадовымі дзецьмі выступіў мясцовы дэмакратычны актывіст Аляксей Паўлоўскі:
“Подпісы ў абарону Ірыны Ільінскай я пачаў збіраць тады, калі збіраў подпісы па вылучэнні сваёй кандыдатуры ў якасці кандыдата ў дэпутаты мясцовых саветаў. Улада абышлася з маці-адзіночкай, а таксама двума яе непаўнагадовымі дзецьмі не па-людску. Я палічыў сваім абавязкам заступіцца за яе. З гэтай мэтай я ініцыяваў збор подпісаў для таго, каб жанчыне з дзецьмі пакінулі пакой у інтэрнаце і яе адтуль не высялялі. Лісты накіраваў як прэзідэнту, так і дэпутату парламента Эдуарду Сянкевічу, які падтрымліваў прыняцце законаў, якія дазваляюць высяляць на вуліцу маці-адзіночак з дзяржаўных інтэрнатаў. Улада дэкларуе клопат аб людзях, аднак усё выходзіць наадварот”.
Жанчына звярталася да чыноўнікаў усіх узроўняў, хадзіла да іх на прыём, аднак ніхто ёй не дапамог. Першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Кісялёў прапанаваў ёй ехаць працаваць даяркай у аграгарадок. Там, маўляў, і жыллё дадуць. Працягвае Ірына Ільінская:
“У мінулы чацвер я зноўку пісала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта, каб мяне не высялялі на вуліцу. Прыйшоў ліст, у якім гаворыцца, што мой зварот зноў накіраваны ў Магілёўскі аблвыканкам. Адтуль яшчэ няма ніякага адказу, аднак чакаю адтуль ліста з дня на дзень”.
Суддзя Ленінскага раёна Магілёва Юлія Трапыніна таксама не стала на бок Ірыны і двух яе непаўнагадовых дзяцей і прыняла рашэнне выселіць жанчыну. Цяпер гэта дазваляе рабіць новы Жыллёвы кодэкс, з якога прыбраныя ўсе льготы на пражыванне ў інтэрнаце для адзінокіх жанчын з непаўнагадовымі дзецьмі.
Юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава кажа, што рашэнне раённага суда ўжо абскарджваецца.
“На дадзены момант падрыхтавана касацыйная скарга на рашэнне суда Ленінскага раёна Магілёва, і заўтра яна будзе пададзена. Падчас суда я не была дапушчана як прадстаўніца прафсаюза прадстаўляць інтарэсы Ільінскай. Суддзя адхіліла гэта хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што Ільінская не можа быць членам прафсаюза, што поўная лухта. Суддзя не ўгледзела таксама парушэнні, што яна высяляе з жылога памяшкання ў нікуды непаўнагадовых дзяцей, якія аказаліся ў сацыяльна небяспечным становішчы і якім патрэбна абарона”.
Фота: “Наш Магілёў”
Рубрыка Самаабарона спецыяльна для праграмы Кардыяграма.