Жыхара Асіповічаў за каментары асудзілі на тры гады калоніі і штраф

Жыхара Асіповічаў за каментары асудзілі на тры гады калоніі і штраф

Жыхара Асіповічаў Мікалая Галаўкова за каментары па "справе Зельцэра" асудзілі на тры гады калоніі агульнага рэжыму і штраф — 3400 рублёў. Працэс у судзе Асіповіцкага раёна (суддзя — Таццяна Сакратарова) праходзіў у закрытым рэжыме. Як пішуць праваабаронцы, Галаўкова прызналі вінаватым у "абразе прадстаўніка ўлады", "абразе Лукашэнкі" і "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь".

Вядома, што дзяржабвінаваўца запатрабавала для мужчыны чатыры гады пазбаўлення волі і штраф у памеры 6400 рублёў. Аднак суддзя абмежавалася трыма гадамі зняволення і ўдвая меншым штрафам.

Галаўкоў знаходзіцца за кратамі з 30 верасня 2021 года. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Падобныя суды праходзяць у розных гарадах Беларусі. Афіцэр КДБ Дзмітрый Федасюк загінуў у верасні 2021-га, калі сілавікі ў цывільным уварваліся ў Мінску ў кватэру айцішніка Андрэя Зельцэра. Апошні адкрыў па іх агонь і сам загінуў у перастрэлцы. За каментары ў сацсетках па выніках гэтых падзей затрымалі каля 200 чалавек. У пачатку жніўня сёлета стала вядома, што ў пракуратуру за “дрэнныя” каментары накіравалі яшчэ 57 крымінальных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі