Зміцер Паліенка за кратамі абвясціў галадоўку
Экс-палітвязень Зміцер Паліенка, які знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, з 24 сакавіка трымае галадоўку. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў яго сябар Вячаслаў Касінераў.
Паліенка патрабуе ад адміністрацыі ізалятара рэгулярнага аказання меддапамогі, свабоды перапіскі і выдачы асадкі.
Вядома, што ў яго зноў абвастрыўся дзерматыт. За гэты час доктар прыходзіў да затрыманага толькі адзін раз, каб аказаць яму меддапамогу.
"З моманту арышту Змітру шмат хто пісаў, але дайшоў адзін толькі ліст. Ён патрабуе свабоду перапіскі з усімі, хто яму піша і каму збіраецца пісаць сам Паліенка", — дадаў Касінераў.
Паліенку брутальна затрымалі па падазрэнні ў асабліва злосным хуліганстве зранку 20 сакавіка. Перад гэтым юнак распыліў пярцовы балончык у твар мужчыну. Паводле інфармацыі праваабаронцаў "Вясны", Паліенка затрыманы на 10 сутак.