Змітра Дашкевіча затрымалі ў жывым эфіры: "Здравствуйте, это милиция"
У Мінску затрымалі Змітра Дашкевіча — лідара "Маладога фронту" (зарэгістраванага ў Чэхіі). Гэта адбылося практычна ў жывым эфіры: хлопец вёў трансляцыю сваіх перамяшчэнняў па горадзе.
На моладзевага актывіста некалькі дзён палявалі міліцыянты і сілавікі ў цывільным. Перад гэтым быў затрыманы і асуджаны на трое сутак яшчэ адзін абаронца Курапатаў — Сяргей Пальчэўскі.
Дашкевіч некалькі дзён правёў дома, але 10 сакавіка выйшаў на вуліцу. Ён меўся наведаць сядзібу БНФ і зайсці да судовага выканаўцы, бо ў яго апісваюць машыну.
Дашкевіч ішоў па вуліцы, калі яго затрымалі, напаўшы са спіны. Пры гэтым з-за спіны актывіста чуваць жаночы голас: "Здравствуйте, это милиция".
Жонка Наста Дашкевіч піша, што Дашкевіча прывязуць у Першамайскі суд, дзе, хутчэй за ўсё, хутка асудзяць.