З'явіліся здымкі інтэр'ераў новага будынка Вярхоўнага суда (фота)
Партал tut.by абнародаваў здымкі новага будынка Вярхоўнага суда з сярэдзіны, дасланыя чытачом. Дабудаваць суд плануецца ў 2019 годзе.
Будаўніцтва на вуліцы Арлоўскай, каля Палаца Незалежнасці, выклікае вялікую цікавасць. Звонку суд выглядае амаль гатовым, але інтэр'еры пабачыць шырокая публіка пакуль не магла.
Як бачна на фатаздымках, у фае галоўнага ўваходу стаіць статуя Феміды. Сцяна аздобленая шклянымі вітражамі, на столі — некалькі люстраў. Можна меркаваць, што будаўнікам засталося толькі ліквідаваць малыя недаробкі і распакаваць мэблю.
Дарэчы, каля самога будынка ўжо ўсталяваныя лаўкі, сметніцы і слупкі супраць заезду аўтамабіляў.
Будаўніцтва Вярхоўнага суда фінансуецца з дзяржаўнага бюджэту, бюджэту Мінска, а таксама за кошт інвестараў ды іншых крыніцаў.
Таксама вядома, што за герб і надпіс "Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь" для фасада заплацілі больш за 112 тыс долараў, крышталёвая люстра індывідуальнага вырабу для цэнтральнага хола абышлася амаль у 90 тысяч долараў. Фантан з асвятленнем каштуе амаль 300 тысяч долараў.