10 еўрапейскіх фэстаў, на якія паедзе (і раіць паехаць) Еўрарадыё
Дзе дорага — а дзе танна, дзе ўсё — а дзе нічога. Едзем летам у Заходнюю Еўропу!
Еўрарадыё штогод вандруе па самых цікавых Еўрапейскіх фэстах. Сёлета — не выключэнне. На чарзе львоўскі фэст “Stare Misto” 8—9 чэрвеня, а для разагрэву мы ўжо з’ездзілі на польскі “FreeForm” і партугальскі “Optimus Primaveira Sound”.
Не ў крыўду нашым Шаблям, а ў дадатак — здаём вам інфу пра 10 еўрапейскіх фэстаў розных музычных накірункаў, на якія раім паехаць гэтым летам.
Rock Im Park
Германія, Нюрнберг
7—9 чэрвеня 2013
165 еўра
Bullet For My Valentine, Green Day, Korn, Limp Bizkit, Simple Plan3, The Prodigy, The Wombats, Thirty Seconds To Mars
Адзін з лепшых фестываляў альтэрнатыўнай і метал-музыкі. Традыцыйна праходзіць ужо на працягу чвэрці стагоддзя ў Нюрнбергу. У яго ёсць брат-блізнюк, які ладзіцца ў той жа час, але ў іншай частцы Германіі — Rock am Ring, але мы раім вам менавіта Rock im Park, таму што на яго лягчэй даехаць з Мінска. Звычайна туды катаецца арганізаваны аўтобус рокераў ад muztravel.by. За тры дні ёсць магчымасць паслухаць добрую частку музыкаў з ратацыі Еўрарадыё!
Sonar
Іспанія, Барселона
13—15 чэрвеня 2013
40—170 еўра
2manydjs, Benjamin Damage, Diplo, Foreign Beggars, JESSE and Jimi Tenor, Jurassic 5, Kraftwerk (3D show), Laurent Garnier, Maceo Plex, Modeselektor dj set, Nicolas Jaar, Paul Kalkbrenner, Pet Shop Boys, Richie Hawtin, Richie Hawtin presents ENTER., Skream, Skrillex
Фестываль выбітнай музыкі і сучаснага мастацтва, з доўгім-доўгім спісам запрошаных артыстаў. За апошнія гады разросся па ўсім свеце. Акрамя Барселоны, свой Sonar (што ў перакладзе азначае "гучаць") ёсць у Рэйк'явіку, Токіа, Осацы. Звычайна на гэтым фэсце можна пачуць самае свежае, што робіцца ў свеце мультымедыя: вялікі акцэнт на электронную музыку, візуальныя інсталяцыі, вынаходніцтвы ў музычных эксперыментах. Барселонскі Sonar прывабны тым, што знаходзіцца ў самым цэнтры горада: сёлета дзённая частка будзе ля Плошчы Іспаніі, і начная — усяго ў 8 хвілінах язды на спецаўтобусе. Цэнтравая лакалізацыя выгодная тым, што ў перапынках паміж навамоднымі 3D-шоў пад гукі космасу, можна яшчэ зазірнуць у музеі геніяў мінулых гадоў — Міро, Далі, Гаудзі, Пікасо,— і, накачаўшыся мастацтвам па самыя вушы, завітаць на пляж Барселанэта і вымыць усё лішняе хвалямі Міжземнага мора.
Heineken Open'er
Польшча, Гдыня
3—6 ліпеня 2013
45—130 еўра
Blur, Queens Of The Stone Age, Kings Of Leon, Arctic Monkeys, Animal Collective, Tame Impala, Skunk Anansie, Modest Mouse
Польскі оўпэн-эйр прыцягвае пераважна сваімі хэдлайнерамі. Звычайна ўсе “біг-бэнды”, якія "тураць" па Еўропе, трапляюць на гэты фэст. Акрамя таго, можна паспрабаваць тэмпературу Балтыйскага мора, да якога, праўда, трэба праехацца 30 хвілін на аўтобусе “ў горад”, але ўсё адно паедзеце, бо за дзень чакання канцэртаў у намётавым мястэчку можна пашкодзіць печань (каву ці гарбату цяжка знайсці, а вось спонсарскага піва “Хайнекен” — колькі заўгодна).
Surferjoe
Італія, Ліворна
21—23 чэрвеня
Бясплатна
Фестываль сёрф-музыкі, той, якая нарадзілася на моры і стала вядомай дзякуючы фільмам Квенціна Таранціна. Прыхільнікаў гэтай музыкі не настолькі шмат, каб рабіць па фэсту ў кожнай краіне, таму нехта вырашыў рабіць яго на ўзбярэжжы Лігурыйскага мора ў Італіі, у горадзе Ліворна.
За 3 дні ёсць магчымасць паслухаць зорак сёрф-музыкі, паразглядваць іх сцэнічныя фэшн-касцюмы, ну, і завесці сёрф-сяброў з усяго свету. Самае прыемнае, што за канцэрты нічога плаціць не давядзецца, яны for free.
Summerjam
Германія, Кёльн
5—7 ліпеня 2013
105 еўра
Snoop Lion, Gentleman, Patrice, Alborosie & Shengen Clan, Matisyahu, Diplo
Галоўны рэгі-фестываль усёй Еўропы. Праходзіць на азёрным востраве ў Кёльне, дзе выступаюць самыя буйныя рэгі/хіп-хоп/дэнсхолл зоркі еўрапейскага гатунку, а таксама і ямайскія "тру-бэнды". Легалайз там афіцыйна не абвешчаны, але пра яго наперабой будуць спяваць з усіх двух сцэнаў фэсту. Публіка — пераважна, немцы, якія невядома па якіх прычынах вельмі любяць сонечныя рыдзімы, але па-англійску таксама знойдзецца з кім паразмаўляць на тэму “як вызваліць свае мазгі” (“Free your mind” — афіцыйны слоган фэсту).
Nowhere
Іспанія
9—14 ліпеня 2013
95—170 еўра
Еўрапейскае адгалінаванне славутага амерыканскага арт-фэсту Burning Man. Галоўны канцэпт івэнта — эксперымент, спроба збудаваць горад пасярод нічога, нарабіць арт-аб’ектаў, інсталяцый, скульптур і сярод гэтай прыгажосці знаёміцца з адкрытымі розумам людзьмі і абменьвацца творчай інфармацыяй. На фэсце не функцыянуюць грошы, трэба самім клапаціцца пра тое, як выжыць ва ўмовах “нічога”. Нельга пакідаць пасля сябе слядоў — усё, што прывёз, сам мусіш і вывезці. Абавязкова трэба быць уцягнутым у працэс: не арганізатары робяць фэст для камерцыйных мэтаў, а кожны ўдзельнік робіць фэст сам для сябе.
Exit
Сербія, Новы Сад
10—14 ліпеня 2013
110 еўра
Atoms For Peace, Snoop Dogg Aka Snoop Lion, Bloc Party, Dubfire, Pan-Pot
Візітная картка сербскага шоў-бізу і турызму. Штоліпеня грыміць у маляўнічым месцы — Петраварадзінскай крэпасці 18 стагоддзя, што ўзвышаецца над Дунаем. “Грыміць” у літаральным сэнсе — сербы не надта замарочваюцца кантролем дэцыбэлаў, таму гукі з галоўнай сцэны цягам чатырох начэй чуюць усе жыхары невялічкага горада Новы Сад. Дарэчы, на фэсце кожны другі наведвальнік — брытанец. Яны аблюбавалі гэтае месца і лётаюць на Exit чародамі ў дзясяткі тысяч(!).
Balaton Sound
Венгрыя, Замардзі
11—14 ліпеня 2013
55—135 еўра
Amon Tobin pres. Two Fingers, Armin van Buuren, Fairmont, Henrik Schwarz, The Prodigy, Wu-Tang Clan
Венгерскі варыянт "Ібіцы". Фэст на ўзбярэжжы возера Балатон, куды з'язджаюцца пераважна венгерскія рэйверы, што робіць яго вельмі прывабным (няма арыетацыі на багаценькіх муз-турыстаў са Швецыі, Даніі ці Брытаніі). Акрамя выключна электронных сцэн, ёсць “жывая” і галоўная, дзе выступаюць вельмі дарагія зоркі. Дарэчы, фестываль робіць тая ж арганізацыя, што ладзіць Sziget, таму ўсё прадумана да самых дробных дэталяў: смачная ежа, шмат забаваў і чыл-аўт зон (асабліва на вадзе), утульны кэмпінг. Але ўсё ж варта помніць, што калі выйсці за зону фестывалю, у мясцовых "балатонцаў" можна пачаставацца гуляшом і іншымі прысмакамі па “камуністычных” коштах. А аматары камфорту могуць нават арэндаваць курортны домік. Возера Балатон — гэта ж самы буйны венгерскі курорт!
Audioriver
Польшча, Плоцк
26—28 ліпеня 2013
38—45 еўра
GusGus live, Netsky live, Jeff Mills, Rudimental live, Alex Smoke pres.
“Аўдыёрака” ў 120 кіламетрах ад Варшавы — удалая спроба сабраць у адным месцы аматараў непапсовай электронікі. Яны з’язджаюцца з розных куточкаў Польшчы, каб паслухаць альтэрнатыўную музыку, няхай і ў надзвычай экстрэмальных абставінах. Можа так здарыцца, што спаць давядзецца на газоне, а мыцца — у гарадскім фантане, бо маленькі гарадок Плоцк не разлічаны на та-а-акую колькасць гасцей. Але можна не спаць і не мыцца: усяго два дні, і праграма ёсць і днём, і ноччу. Увечары, зразумела, канцэрты і дыджэй-сэты. А ўдзень — "музычны рынак", на якім можна пазнаёміцца з усімі польскімі музычнымі і калямузычнымі суполкамі.
Sziget
Венгрыя, Будапешт
5—12 жніўня 2013
49—229 еўра
Blur, Azealia Banks, Bad Religion, Empire of the Sun, Enter Shikari, Hadouken!, Netsky live, Parov Stelar Band, Seeed, Ska-P, Skunk Anansie, Woodkid
Гэта цэлы востраў забаваў! Sziget так і перакладаецца з венгерскай — “востраў”. Хто быў там аднойчы, больш не чакае імёнаў хэдлайнераў, а едзе “усляпую”, кажучы, што галоўнае на фэсце — не імёны зорак, а месцазнаходжанне, незлічоная колькасць цікавостак і музычны Вавілон. У Будапешт, не хлусячы, з’язжаюцца людзі з усіх кантынентаў. Дарэчы, Будапешт! Акрамя сядзення на музычным востраве можна скокнуць 2 прыпынкі на метро і паспрабаваць яшчэ і легендарныя каралеўскія тэрмальныя купальні.
Доўга не думайце, бо лета заканчваецца вельмі хутка. Калі бракуе кампаніі — звяртайцеся да Еўрарадыё, мы маем намер трапіць на ўсе гэтыя фэсты!